10 студзеня, у нядзелю Хросту Пана, у Гродне адбылася аплаткавая сустрэча для студэнтаў катэхетычных курcaў пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі. Сустрэча пачалася святой Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім), якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На ўжо традыцыйную аплаткавую сустрэчу прыйшлі студэнты і выпускнікі катэхетычных курсаў.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч разважаў з нагоды свята Хросту Пана над значэннем сакрамэнтальнага хросту ў жыцці чалавека і на знакі, якія яму спадарожнічаюць.
«У хросце мы былі адораны годнасцю Божага дзіцяці»
«Свята Хросту Пана з’яўляецца для нас нагодай, каб дзякаваць Богу за ласку нашага хросту, — сказаў біскуп. — Тады мы былі адораны найвышэйшай годнасцю, якую чалавек можа атрымаць на зямлі, — годнасцю Божага дзіцяці».
«Шкада, што мы, хрысціяне XXI стагоддзя, так часта забываем пра нашу вялікую годнасць», — дадаў іерарх.
«Мы былі выбраны Богам, і ўсведамленне гэтага факту павінна напаўняць нас радасцю», — адзначыў гродзенскі ардынарый.
Звяртаючыся да будучых катэхетаў, біскуп сказаў: «Усім вам, каму Пан Бог даверыў асабліва ўзнёслае, хоць і нялёгкае, заданне выхавання сэрцаў і розумаў дзяцей і моладзі, жадаю быць вернымі сведкамі Хрыста на сваіх месцах працы. Няхай вашым хрысціянскім сведчаннем будзе асабісты прыклад жывой веры, шчырай любові да Бога і бліжняга, а таксама жыцця кожны дзень каштоўнасцямі Евангелля».
Падчас Імшы ўдзельнікі аднавілі абяцанні хросту, такім чынам абавязуючыся ісці шляхам дасканаласці і супрацоўнічаць з Божай ласкай.
Заўсёды запрашаць Бога ў сваё жыццё
Пасля Імшы ў будынку гродзенскай курыі адбылося дзяленне аплаткай. Ад імя ўсіх выкладчыкаў і студэнтаў катэхетычных курсаў віншаванні біскупу Аляксандру Кашкевічу выказаў дырэктар курсаў a. доктар Андрэй Шчупал CSsR. Усім студэнтам святар пажадаў «спяшацца любіць усіх людзей» і «адорваць любоўю кожнага чалавека, якога сустрэлі». Быў таксама час на ўзаемныя віншаванні, якія складалі адзін аднаму студэнты і выпускнікі, што моцна звязаны паміж сабой і ўтвараць адну братэрскую супольнасць.
Таксама студэнты падрыхтавалі прадстаўленне на тэму Божага Нараджэння пад назвай «Цуд Божага Нараджэння», рэжысёрам якога ў чарговы раз стала студэнтка трэцяга курса Аліна Жылінская. Ужо з першай рэпетыцыі студэнты змаглі ўжыцца ў свае ролі і перадаць атмасферу бэтлеемскай ночы.
У прадстаўленні было паказана, што сёння чалавеку вельмі лёгка згубіцца ў сучасным свеце, які прапануе розныя навінкі, і толькі разам з Богам, у сяброўстве з Ім, можна супрацьстаяць подступам злога духа. У прадстаўленні гучалі словы: «Шатан робіць усё, каб ты не меў для Бога часу, каб у тваім жыцці проста не было для Яго месца, каб ты пакінуў Бога за дзвярыма тваіх зацікаўленасцяў, планаў, праблем, тваёй штодзённасці».
Артысты яшчэ раз нагадалі сабраным, што Бога трэба заўсёды запрашаць у сваё жыццё, і толькі тады яно будзе мець сэнс, а таксама што кожнае Божае Нараджэнне з’яўляецца цудам і надзеяй для тых, хто памыліўся, каб ім «было да каго прыйсці».
Kатэхетычныя курcы пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі існуюць больш за 25 гадоў. На працягу гэтага часу яны выпусцілі вялікую колькасць катэхетаў, якія вядуць заняткі рэлігіі для дзяцей і моладзі ў парафіях ва ўсёй Беларусі, a перш за ўсё гэтыя курсы пашырылі гарызонты рэлігійных ведаў саміх выпускнікоў.
Кс. Юрый Марціновіч
|