10 студзеня, у нядзелю Хросту Пана, у Гродне адбылася аплаткавая сустрэча душпастырства настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча пачалася святой Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім), якую ўзначаліў душпастыр настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў кс. Антоні Грэмза.
У гаміліі кс. Антоні Грэмза, кажучы пра свята Хросту Пана, нагадаў пра вучэнне Касцёла аб хросце. Святар адзначыў, што плёны гэтага сакрамэнту трываюць у чалавеку ўвесь час і развіваюць яго.
Па словах святара, кожны чалавек атрымаў ад Бога шмат дароў, у тым ліку хрост, якія дзейнічаюць у ім пастаянна. «Сакрамэнт святога хросту — незнішчальная пячатка, якой не ў стане сцерці ні грэх, ні слабасць і ніхто не можа яе адабраць», — дадаў кс. Антоні Грэмза.
«Хрост дае нам заданне і кліча да таго, каб будаваць на зямлі супольнасць братоў і сясцёр у Хрысце», — падкрэсліў святар, дадаўшы, што гэты сакрамэнт дае дух братэрства, «каб мы ў іншым чалавеку бачылі не пагрозу, а брата ці сястру». Ксёндз Антоні Грэмза заахвоціў удзельнікаў сустрэчы «ніколі не стамляцца ў чыненні дабра, аказваць дапамогу, умець працягнуць руку дапамогі».
Пасля Эўхарыстыі дзеці і моладзь прэзентавалі прысутным містэрыю на тэму Божага Нараджэння, у якой яшчэ раз прыгадалі атмасферу святаў Божага Нараджэння. Таксама ў містэрыі яны нагадалі пачаткі прыгожых традыцый і звычаяў, звязаных з гэтымі святамі.
Сустрэча завяршылася дзяленнем аплаткай і ўзаемнымі віншаваннямі. 
Кс. Юрый Марціновіч
|