Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
25-годдзе смерці кс. Пятра Барташэвіча адзначылі ў Жалудку: «Пакінуў пасля сябе вельмi каштоўную спадчыну»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.01.2016 11:32

13 студзеня адзначалася 25-я гадавіна смерці ксяндза Пятра Барташэвіча, які апошнія 23 гады свайго жыцця быў пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi ў Жалудку (Гродзенская дыяцэзія). Памаліцца за спачылага святара прыйшло ў гэты дзень шмат духоўных і свецкіх асобаў.

Сярод удзельнікаў урачыстасці былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў святую Імшу, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Прысутнічалі святары Беларускай Праваслаўнай Царквы, у якіх склаліся вельмі добрыя адносіны з духавенствам і вернікамі Шчучынскага дэканата.

Жывая памяць пра спачылага святара

Вернікі, прысутныя на Імшы, з вялікім гонарам і ўдзячнасцю ўзгадваюць кс. Пятра Барташэвіча, які ўдзяляў ім святыя сакрамэнты: благаслаўляў сужэнствы, хрысціў, здзяйсняў штодзённае святарскае служэнне. Усе яны добрым словам успамінаюць святара, які стараўся заўважыць кожнага чалавека і нікога не абмінуць. Пры ім нарадзілася шмат пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Прыклад яго служэння Богу і людзям учыніў, што моладзь, для якой заўсёды былі адчынены дзверы яго дома, адважна ішла яго слядамі.

Вітаючы прысутных, пробашч парафіі кс. Ян Рэйшэль адзначыў, што ксяндза Пятра Барташэвіча, хоць з часу яго смерці прайшло ўжо 25 гадоў, сёння памятаюць вернікі парафіі ў Жалудку і не толькі. «23 гады ён служыў гэтай супольнасці ў цяжкія часы, калі паўсюль казалі: “Бога няма”, а ён тады адважна казаў: “Бог ёсць”», – дадаў кс. Ян Рэйшэль.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі звярнуў увагу на асобу кс. Пятра Барташэвiча i яго значэнне як правiдэнцыйнага святара, сапраўднага апостала часоў ганенняў для жыцця Касцёла ў тыя часы i ў наш час. Па словах іерарха, вялiкая колькасць удзельнiкаў гэтай Імшы сведчыць аб тым, што людзi памятаюць святара з удзячнасцю.

«У цемры атэiзму ён стаўся Бэтлеемскай зоркай, якая вяла да Езуса. Парафiяльны дом у Жалудку быў як быццам семiнарыяй i фармацыйным домам для святароў, кансэкраваных асобаў i свецкiх людзей», – сказаў Мітрапаліт і дадаў, што з жалудоцкай парафii выйшлi чатыры святары, сярод якiх кс. прэлат Антонi Ханько – канцлер Гродзенскай курыi i пробашч парафii Узвышэння Святога Крыжа ў Гродне; у Жалудку часта бываў i фармаваўся да святарства кс. прэлат Эдмунд Даўгiловiч – пробашч парафii Св. Юзафа ў Маладзечне.

Арцыбіскуп прызнаўся, што таксама асабiста ўдзячны кс. Пятру Барташэвiчу, якi вельмi шмат учынiў для яго святарскай фармацыi.

Быць сведкам хрысціянства – найлепшы помнік


Таксама Мітрапаліт засяродзiў увагу прысутных на служэннi святара як Другога Хрыста, а менавiта на абавязку абвяшчэння Божага слова, каб «людзi ў сучаснай цемры матэрыялiстычнага атэiзму ведалi Божыя праўды i iмi жылі», на задачы цэлебрацыi сакрамэнтаў, у якiх вернікі атрымліваюць неабходную для збаўлення Божую ласку, і на задачы будавання хрысцiянскiх супольнасцяў як месцаў сустрэчы чалавека з Богам.

Іерарх падкрэсліў, што ксёндз Пётр Барташэвіч у часы атэiзму «выкарыстоўваў для выканання гэтых абавязкаў кожную хвiлiну i нагоду» і «пакінуў пасля сябе вельмi каштоўную спадчыну». «Мы, як нашчадкi гэтай спадчыны, павiнны быць сведкамi хрысцiянства. Гэта i будзе найлепшы помнiк святой памяцi ксяндзу Пятру Барташэвiчу», – сказаў Мітрапаліт.

Ксёндз Пётр Барташэвіч пакінуў бачны след у сэрцаў вернікаў. Гэта заўважаецца ў іх прывязанасці да парафіяльнай святыні – месца сустрэчы супольнасці на малітве; у хрысціянскім жыцці вернікаў, якія стараюцца кожны дзень запрашаць Бога ў сваё жыццё.

Парафіяне памятаюць пра спачылага святара ў малітве не толькі ў гадавіну яго адыходу да Пана, але і кожны раз, калі мінаюць на мясцовым могілках яго магілу і калі дзякуюць Богу за дар веры. Менавіта сцерагчы, развіваць і перадаваць веру наступным пакаленням заўсёды нагадваў пры жыцці кс. Пётр Барташэвіч.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.