Сям’я Паспяшальскіх падарыла калядны канцэрт жыхарам Гродна |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
14.01.2016 13:00 |
13 студзеня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбыўся грандыёзны канцэрт сям’і польскіх музыкаў Паспяшальскіх. Творчая сям’я ўпершыню наведала Гродна, і гродзенцы спадзяюцца, што ў яе застануцца самыя прыемныя эмоцыі і ўспаміны. У гэты вечар сям’я Паспяшальскіх прадставіла слухачам калядныя песні ў незвычайнай і прыгожай апрацоўцы. У кожную песню гэтыя людзі ўкладваюць душу, усё тое, што могуць і ўмеюць. З 14 артыстаў не было ніводнага, хто б не паказаў сваю індывідуальнасць на сцэне.
У размове з Сatholic.by Ян Паспяшальскі сказаў, што няма зусім нічога назвычайнага ў тым, што сям’я жыве такім супольным захапленнем, супольнай традыцыяй. «Любоў, веру і традыцыю перадалі нам нашы бацькі, а перадавалі іх учынкамі, жывым, натуральным спосабам. Мы ўжо з дзяцінства ўваходзілі ў гэта звычайным для нас чынам, усе пайшлі ў музычныя школы, скончылі акадэмію, кансерваторыю, а некаторыя вучацца там зараз», — распавёў Ян Паспяшальскі.
«Людзям трэба даваць штосьці прыгожае. З думкай аб гэтым мы стварылі наш праект і маем надзею, што гэта неадраназовая акцыя. Тут прыгожыя людзі, тут мы маем свае зносіны, знаёмых, і маем надзею, што яшчэ вернемся ў Гродна», — сказаў Сatholic.by Ян Паспяшальскі.
«Немагчыма выказаць свае эмоцыі словамі, я проста ў захапленні. Гэты канцэрт проста вельмі спадабаўся мне, натхніў, прымусіў задумацца і матываваў працаваць для таго, каб дабіцца чаго-небудзь вялікага ў жыцці!» — кажа Аліна Зубко.
Марыя Алешчык, (AG) |
Фотарэпартаж |