Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі падзяліўся аплаткай з членамi малітоўнага руху за святароў «Маргарытка»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.01.2016 15:13

10 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча членаў малітоўнага руху за святароў «Маргарытка» ў Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэчу ў чарговы раз арганізаваў кс. Валерый Быкоўскі, апякун «Маргарытак» Гродзенскай дыяцэзіі.

На сустрэчы сабраліся члены руху «Маргарытка» з розных мясцін дыяцэзіі. Аплаткай з імі падзяліўся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які найперш падзякаваў сабраным за кожную малітву ў інтэнцыі святароў. Іерарх адзначыў, што малітва неабходна кожнаму святару, каб ён мог добра выконваць сваё штодзённае служэнне, да якога быў пакліканы.

Малітоўны рух за святароў «Маргарытка» ўзнік у Гродзенскай дыяцэзіі два гады таму і налічвае сёння каля 700 чалавек – гэта мужчыны, жанчыны, моладзь і дзеці. Сутнасць апостальскага руху «Маргарытка» – штодзённая малітва за канкрэтнага святара. Заданнем свецкіх людзей з’яўляецца малітва за святароў, любоў і шанаванне сакрамэнту святарства.

«Маргарыткі» акружаюць апекай духоўных асобаў праз малітву аб святасці святароў і кансэкраваных асобаў, прысвячэнне свайго цярпення за святароў, ахвяраванне ім дару дня праз усё сваё жыццё.

На сённяшні момант малітвай руху ахоплены амаль 200 святароў, якія служаць не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі, але і за яе межамі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.