16 студзеня ў араторыі імя св. Яна Боско ў Смаргоні пасля больш чым шасцігадовага перапынку пачалася моладзевая гульня «Бітва мікрараёнаў-2016». Ініцыятарамі праекта гульні выступілі салезіяне супрацоўнікі.
Мэта гульні — выявіць наймацнейшую, самую творчую, спартыўную і інтэлектуальную моладзевую каманду горада. Галоўнае ў праекце — аб’яднаць моладзь горада, і не толькі каталіцкую, праз сумесныя спартыўныя, інтэлектуальныя і творчыя праекты, паказаць, што навокал шмат радаснага і прыгожага, трэба толькі радасна рабіць усё разам.
Праект складаецца з чатырох тураў (прадстаўленне каманд, інтэлектуальны, спартыўны і творчы тур), па выніках якіх і будзе вызначана каманда-пераможца. 
Традыцыйна, як і любая акцыя араторыя, першы тур гульні — прадстаўленне каманд — пачаўся святой Імшой. Падчас яе кс. Павел Шчарбіцкі падкрэсліў, як важна маладому чалавеку ў сённяшнім свеце навучыцца змагацца са злом і перамагаць яго канкрэтнымі добрымі ўчынкамі і як неабходна ўзаемная дапамога і адзінства ў такой барацьбе.
Затым у араторыі пачалася сама гульня, у якой прынялі ўдзел тры каманды: «СНГ», «Аліўе» і SWEG, удзельнікамі якіх стала моладзь рознага ўзросту са школ горада, студэнты і нават моладзь, якая знаходзіцца за мяжой Беларусі. Каардынатарамі падрыхтоўкі каманд былі аніматары араторыя. За каманды прыйшлі пабалець сябры і бацькі.
На суд журы, у склад якога ўвайшлі святары, сёстры законныя, супрацоўнікі, прадстаўнікі мясцовага тэлебачання і аддзела па справах ідэалогіі, культуры і працы з моладдзю Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта, было прадстаўлена выступленне каманд праз тры этапы: знаёмства з камандай, фота-відэа прадстаўленне свайго мікрараёна і візітоўка каманды.
Журы было вельмі цяжка ацэньваць, бо кожная каманда паказала сябе з лепшага боку. «СНГ» уразіла сваёй дабрынёй і шчырасцю, «Аліўе» інтэлектам і адкрытасцю, SWEG музыкальнасцю і арыгінальнасцю. Кожная каманда паказала ўменне жартаваць, спяваць, танцаваць, прадставіць звычайныя рэчы ў незвычайным свеце, і, галоўнае, бачна была еднасць каманд, у выступленнях адчуваўся вялікі камандны дух, што было галоўнай мэтай арганізатараў праекта.
Усе члены журы сыйшліся ў тым, што каманды проста малайцы. Але, па выніках трох этапаў першага туру, пераможцам аказалася каманда SWEG (мікрараён Усходні).

Пасля аб’яўлення вынікаў гульні канстатавалі: праект «Бітва мікрараёнаў-2016» сапраўды распачаўся. Дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні ксёндз Алег Жураўскі SDB падзякаваў усім за радасны вечар і за дух еднасці усіх удзельнікаў. Пасля трох малітваў «Вітай, Марыя…» прысутныя атрымалі благаслаўленне.
Вечар, напоўнены радаснымі і пазітыўнымі эмоцыямі сяброўства, дабразычлівасці і еднасці, завяршыўся сесіяй сумесных фотаздымкаў.
Наступны, інтэлектуальны, тур «Бітвы мікрараёнаў-2016» адбудзецца 27 лютага і будзе прысвечаны тэме «Мая Беларусь».
Паводле www.sdb.by
(AG) Фота www.sdb.by
|