23 студзеня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося экуменічнае набажэнства ў межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. У малітве, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскi Аляксандр Кашкевіч, прынялі ўдзел прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай i Праваслаўнай Цэркваў, Евангелічна-лютэранскай супольнасці.
У гэтым годзе Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян праводзіцца ў 49-ы раз. Сёлета ён праходзіць пад дэвізам «Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Пана» (пар. 1 П 2, 9).
Праваслаўную Царкву прэзентаваў прадстаўнік епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія протаіерэй Аляксандр Хомбак, настаяцель храма св. Лукі ў Гродне, Грэка-Каталіцкую Царкву — настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот, Евангелічна-лютэранскyю супольнасць у Гродне — дыякан Юрый Лабоцкі.
У набажэнстве прынялі ўдзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі i шматлікія вернікі з усяго горада. 
На пачатку набажэнства біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў усіх прысутных да супольнай малітвы аб еднасці ўсіх вучняў Хрыста. Іерарх адзначыў, што сабраныя будуць «дзякаваць Богу за нашую хрысціянскую годнасць і пакліканне».
Разам узрастаць у камуніі
«Запрашаю ўсіх вас да малітвы, у адной надзеі, што будзем узрастаць у камуніі з нашым Збаўцам Езусам Хрыстом і з нашымі братамі і сёстрамі, якія імкнуцца да адзінства», — сказаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Набажэнства складалася з дзвюх частак: літургіі слова і літургіі святла. Падчас літургіі слова да вернікаў з кароткай прамовай звярнуліся прысутныя прадстаўнікі розных канфесій.
Айцец Аляксандр Хомбак з Праваслаўнай Царквы прысвяціў сваё разважанне тэм прысутнасці Бога ў чалавечым жыцці і радасці зносінаў з Ім, адзначыўшы, што менавіта радасць галоўным чынам ажыўляе веру.
«На тэму радасці, якую ніхто не адбярэ, гаварыў сам Хрыстус, да радасці заклікае і апостал Павел, радасцю ззяе ўсё набажэнства царкоўнай традыцыі», — дадаў святар.
Айцец Аляксандр Хомбак заўважыў, што калі радасць знікае з сэрца верніка, то штосьці радыкальна змяняецца ў самой веры, і дадаў, што сёння шмат людзей адыходзіць ад веры, бо «радасць перастала быць асноўнай танальнасцю веры саміх хрысціян».
«Мы не пераможам у спрэчцы свет ніякімі доказамі, і калі яго пераможам, то толькі той радасцю, якую дае нам наша вера і асаблівасць якой у тым, што ні людзі, ні пакуты, ні сама смерць не могуць яе адабраць», — сказаў святар. Прадстаўнік Праваслаўнай Царквы заклікаў, каб «разам усе хрысціяне змаглі знайсці вузкі і высокі шлях, таму што нават сам рух па гэтым шляху нясе ў сабе шчасце, бо на ім чалавек працуе над сабой, робіць сябе тым, чым ён павінен стаць: свабодным, духоўным носьбітам чалавечнасці ва ўсёй яе паўнаце». 
Разам бараніць веру
Дыякан Юрый Лабоцкі з Евангелічна-лютэранскай супольнасці адзначыў, што вельмі важнай з’яўляецца супольная малітва розных хрысціянскіх канфесій, бо разам можна шмат зрабіць.
«Сёння ў секулярызаваным свецкім грамадстве сумеснае сведчанне веры з боку хрысціян мае вялікую вагу», — заўважыў дыякан.
«Калі глядзець, што адбываецца вакол нашай краіны, то нам, хрысціянам Беларусі, трэба яшчэ мацней казаць аб еднасці і выступаць адзіным голасам у пытаннях маралі, сямейных і біблейскіх каштоўнасцяў», — дадаў прадстаўнік Евангелічна-лютэранскай супольнасці.
Разам абвяшчаць
Айцец Андрэй Крот з Грэка-Каталіцкай Царквы разважаў над дэвізам сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.
«Хрысціяне — гэта не тыя людзі, якія нешта робяць для сябе. Гэта людзі, якія нясуць святло, культуру, адукацыю, нясуць знакі Божай прысутнасці», — сказаў святар. Прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы адзначыў, што хрысціяне праз сам факт існавання абвяшчаюць вялікія справы Пана. «Нашы продкі, натхнёныя верай, Хрыстом, стваралі творы мастацтва, прыгожыя храмы, установы адукацыі, неслі навуку сваім суайчыннікам, — дадаў а. Андрэй Крот. — Мы глядзім на подзвіг веры нашых продкаў, на тое, што яны зрабілі, чым сведчылі сваю веру, і можам сказаць, што наша вера, еднасць з Хрыстом нясе гэтаму свету прыгажосць і знак нашай прысутнасці». 
Па словах святара, гэтае святло не з’яўляецца ўласнасцю толькі адной канфесіі, але кожная Царква і хрысціянская супольнасць мае такія знакі, мае тыя вялікія справы Пана, якія можа абвяшчаць. «Мы разам хочам абвяшчаць вялікія справы Пана і разам хочам пераадолець усе падзелы, якія ёсць сярод нас», — заключыў а. Андрэй Крот.
Разам будаваць мір на зямлі
Біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім слове адзначыў, што там, дзе не аддаецца хвала Богу, дзе пра Яго забываюць або супраціўляюцца Яму, няма супакою і еднасці.
«Калі зневажаецца дадзеная Богам чалавеку годнасць, ён перастае быць вобразам Бога, які мы павінны шанаваць у чалавеку слабым, адзінокім і бедным», — дадаў іерарх.
«Падчас сённяшняй малітвы Хрыстус запрашае ўсіх хрысціян на гару, там лепш відаць: убогіх духам і засмучаных, лагодных і справядлівых, міласэрных і чыстых, міратворцаў і тых, каго пераследуюць», — сказаў біскуп.
Па словах іерарха, менавіта з гары лепш відаць, што адбываецца вакол нашай краіны і ў далёкім замежжы, таму, дадаў біскуп, сёння ўсім хрысціянам трэба разам будаваць цывілізацыю любові і разам выступаць адзіным голасам у абароне міру на зямлі.
Падчас літургіі святла прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў запалілі ад пасхала сімвалічныя свечкі, святло ад якіх перадавалася ўсім удзельнікам набажэнства. Запаленыя свечкі, як святло Хрыста, — сімвал полымя, промні якога асвятляюць увесь свет. 
Пасля ўдзельнікі набажэнства, узяўшыся за рукі, прамовілі малітву «Ойча наш» і перадалі адзін аднаму знак супакою.
На заканчэнне набажэнства біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім за ўдзел і заахвоціў да далейшай малітвы аб еднасці хрысціян і міры ў свеце і сем’ях.
Гродзенскі ардынарый нагадаў, што пакліканне Касцёла і кожнага верніка — абвяшчэнне сваім словам і жыццём Добрай Навіны, а абвяшчэнне Евангелля надзвычай актуальнае сёння, калі амаль увесь свет ахоплены канфліктамі з прычыны страты фундаментальных прынцыпаў і каштоўнасцяў, асабліва ў Еўропе, якая губляе свае хрысціянскія карані.
Кс. Юрый Марціновіч
|