Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Aнсамбль «Oremus» атрымаў гран-пры на фестывалі калядак «Gloria in Excelsis Deo» у Іўі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.01.2016 11:43

24 студзеня ў Іўі завяршыўся XIII фестываль калядных песень «Gloria in Excelsis Deo». Фестываль, які праходзіў у гарадскім Доме культуры, сабраў каля 200 удзельнікаў з розных парафій Іўеўскага дэканату.

У чарговы раз фестываль стаў грандыёзным святам не толькі для ўдзельнікаў конкурса, але і для гледачоў, якія перажывалі за сваіх родных і блізкіх на сцэне — дзяцей і ўнукаў.

Зямля, багатая на таленты

Фестываль калядак у Іўі сёлета зноў паказаў, што іўеўская зямля багатая на здольных і таленавітых людзей, якімі па-сапраўднаму можна ганарыцца.

Прадстаўнiкi гэтага дэканату маюць вялiкае жаданне праслаўляць Бога спевам разнастайных песень на калядную тэматыку i гэтым выказваюць сваю веру i любоў да Бога, Касцёла i яго традыцыi.

У конкурснай праграме — салісты, дуэты, трыо, квартэты, ансамблі і хоры. Кожны нумар выступлення адрозніваўся вельмі прафесійнай падрыхтоўкай удзельнікаў. Дзеці з усмешкай на твары і энтузіязмам стараліся данесці да гледачоў вялікую радасць аб нараджэнні Хрыста.

Ганаровымі гасцямі свята акрамя парафіян i вернiкаў iўеўскага дэканату сталі бiскуп Гродзенскi Аляксандр Кашкевiч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

Адкрыццю фестываля папярэднічала святая Імша ў касцёле свв. Апосталаў Пятра і Паўла, якую ўзначалiў бiскуп Юрый Касабуцкi. Iерарх заклiкаў асаблiва дзяцей i моладзь — удзельнiкаў фестываля — захаваць святочныя традыцыi, звязаныя са святамi Божага Нараджэння. Бiскуп пажадаў, каб спеў калядак i пастаралак напаўняў iх сэрцы радасцю i любоўю да Бога i блiжнiх.

Фестываль і людзі

Фестываль, якi стаў ужо традыцыйным, арганізаваны дзякуючы старанням двух чалавек. Ксёндз Ян Гавэцкi i сястра Iрына Бучынская — iнiцыятары, натхняльнiкi i арганiзатары свята.

Свайго святара, якi з’яўляецца пробашчам iўеўскай парафii, артысты называюць «душою і маторам фестываля». Як адзначыў падчас фестываля кс. Ян Гавэцкі, Пан Бог сам пасылае яму людзей, якія хочуць перадаць ласункі або сувеніры для кожнага ўдзельніка, бо «разам мы можам рабіць добрыя справы на Божую хвалу».

Сястру Iрыну Бучынскую, якая ўносiць вялікі ўклад у існаванне і правядзенне фестываля на высокім узроўні, вельмi любяць дзецi i моладзь. Менавiта ёй удаецца наладзіць дыялог з iмi такім чынам, каб разумецца з паўслова. Манахіня адзначае, што варта сёння iнвеставаць у будучыню Касцёла — дзяцей i моладзь.

Парадавалі сваімі выступленнямі і пазаконкурсныя ўдзельнікі фестываля. Традыцыйна вiталi на сцэне арганізатара — кс. Яна Гавэцкага з гітарай, які заспяваў калядку «Gloria».

Кіраўнікі гуртоў з усіх парафій здзівілі гледачоў прыгожым спевам і танцамі пад калядную песню на сучасны лад «А ўчора з вячора». Госцем стаў мiж iншым і музычны гурт «Laudans», які прадставіў калядкі і пастаралкі ў сваім выкананні.

Як заўважыў бiскуп Аляксандр Кашкевiч, узровень фестывалю быў дастаткова моцным. «Я вельмi ўзрушаны гэтай падзеяй, якая ўжо ўпiсалася ў рытм жыцця Іўеўскага дэканату. З кожным годам планка фестывалю ўзносіцца вышэй, i гэта вельмi добры знак, што ў нас ёсць кiм ганарыцца і што наш Касцёл будзе моцны, бо ў iм ёсць маладыя вернiкi, якiя ўзрастаюць у веры, таксама i праз спеў калядных песень», — заўважыў iерарх.

Aнсамбль «Oremus» узнагароджаны гран-пры

Кожны артыст паказаў свой талент, свае здольнасці, таму не дзіўна, што журы было няпроста вызначыць пераможцаў. Усе ўдзельнікі атрымалі сувеніры і каштоўныя падарункі, а найбольшую сімпатыю журы атрымаў ансамбль «Oremus» з Іўя, які і атрымаў гран-пры.

Завяршыўся XIII дэканальны фестываль калядак і пастаралак выкананнем супольнай песні. «Рукой сваёю нас благаславi, край наш святою ласкай адары i супакой усiм народам прынясi», — спявалі ўдзельнiкi.

Хто ведае, можа, менавiта з Iўя выйдзе гэтая iскра, якая дасць пачатак вялiкаму святу — дыяцэзiяльнаму фестывалю калядных спеваў, якi з’яднае ў супольным выкананні калядак i пастаралак Гродзенскую дыяцэзiю.

Анастасiя Мiшкура, кс. Юрый Марцiновiч
Фота Баляслава Гавэцкага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.