Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Працягнуць атмасферу свята: біскуп Юзаф Станеўскі наведаў каляднае прадстаўленне ў квасоўскай парафіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.01.2016 16:50

24 студзеня парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы наведаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Мясцовы пробашч парафіі кс. Тадэвуш Крыштопік запрасіў біскупа наведаць тэатральную праграму, падрыхтаваную мясцовымі парафіянамі.

Такім чынам вернікі квасоўскай парафіі працягнулі атмасферу святаў Божага Нараджэння яшчэ на пэўны час, дзякуючы Пану Богу за прыйсце ў гэты свет.

Тэатралізаванаму прадстаўленню папярэднічала святая Імша, якую біскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіі на чале з яе душпастырам.

У гаміліі іерарх падкрэсліў важнасць перадачы веры — каштоўнага дара, які атрымалівае кожны чалавек. Біскуп Юзаф Станеўскі зазначыў, што святочны час з’яўляецца чарговай нагодай для таго, каб падзяліцца верай і выхаваннем прыгожых традыцый хрысціянства.

Усіх прысутных бацькоў іерарх заахвоціў «браць сваіх дзяцей на калені — так, як гэта рабілі нашы бацькі». «Пасадзіць дзіця сабе на калені — гэта не толькі знак любові і клопату пра дзіця. Менавіта такім чынам мы змяшчаем нашае дзіця ў гісторыю сям’і і народа», — дадаў біскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля св. Імшы ў мясцовым клубе прайшло музычна-тэатральнае прадстаўленне пра Божае Нараджэнне, у якім брала ўдзел вялікая колькасць дзяцей і моладзі. Запрошанымі былі таксама мясцовыя ўлады і вернікі Праваслаўнай Царквы, а таксама ўсе жадаючыя.

Музычны гурт у складзе пяці дзяўчынак выконваў калядкі па-польску, па-беларуску і па-руску. З дапамогай спеваў калядных песень і разважанняў акцёры вярнулі атмасферу калядных святаў і заахвоцілі запрашаць Хрыста ў сваё жыццё.


На заканчэнне прадстаўлення да ўсіх удзельнікаў звярнуўся біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх падзякаваў уладам і дырэктару клуба, а таксама ініцыятыўнай групе дарослых за арганізацыю. Біскуп прыгадаў таксама і былога пробашча кс. Яна Занеўскага, які памёр у чэрвені 2015 года. Як зазначыў іерарх, менавіта кс. Ян Занеўскі паклаў пачатак такім святочным пастаноўкам у Квасоўскай парафіі.

І хоць год з дня смерці святара яшчэ не мінуў, традыцыя каляднай пастаноўкі, закладзеная ім, працягваецца і сёння, а значыць справа, пачатая ім, па-сапраўднаму патрэбна парафіі, асабліва дзецям і моладзі, якія так любілі свайго пробашча.

Менавіта гэтае свята наноў аб’яднала іх і дало надзею і радасць. Як прызналіся пазней самі ўдзельнікі, гэты вечар стаў іх адмысловым падарункам для спачылага святара.

Кс. Юрый Марціновіч, (IL)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.