24 студзеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве быў днём вельмі насычаным на падзеі: тут адбыліся аплаткавая сустрэча і «Мядовы фэст».
Урачыстасць пачалася вячэрняй святой Імшой, на якой прысутнічалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама І.І. Крахмальчык, кіраўнікі і работнікі ўстаноў адукацыі, службы аховы здароўя. Узначаліў Эўхарыстыю Рэгіянальны настаяцель Каталіцкай Місіі «Таварыства св. Францішка Сальскага» кс. Віктар Гайдукевіч SDB.
Святар прапанаваў паразважаць над пытаннем: «Якое месца ў жыцці кожнага з нас займае Святое Пісанне?» Па словах кс. Віктара Гайдукевіча, трэба добра ведаць наша мінулае, каб зразумець сённяшні дзень і мудра спланаваць будучыню, а дапамогай кожнаму ў разуменні рэчаіснасці з’яўляецца Евангелле, якое дазваляе знайсці баланс паміж мінулым і будучыняй.
Пасля Імшы дзеці і моладзь араторыя імя блл. мучанікаў з Познані прадставілі парафіянам і ўсім прысутным святочную праграму «Сям’я – крыніца шчасця», падчас якой падкрэслівалася, што прыкладам у фарміраванні культуры сямейных адносін з’яўляецца Святая Сям’я. 
Працягам святочнага дня стала дзяленне аплаткай і «Мядовы фэст» у араторыі, падчас якога госці маглі паспрабаваць стравы з мёду, бліны і розныя прысмакі. Назва фэсту паходзіць ад свята св. Францішка Сальскага, апекуна Салезіянскага Таварыства, якога традыцыя Касцёла называе доктарам любові і слодычы.
На працягу сустрэчы панавала атмасфера добразычлівасці і цеплыні. Са зваротным словам да прысутных выступіў І.І. Крахмальчык, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама, які падзякаваў кс. Здзіславу Пікулу SDB за клопат пра будучыню – духоўнае выхаванне дзяцей і моладзі, за адданасць Касцёлу, парафіянам.

Паводле www.sdb.by
(AG) Фота www.sdb.by
|