Сястра Эгілія з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці працуе ў
парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах (Гродзенская дыяцэзія). На
завяршэнне Года кансэкраванага жыцця ў інтэрв’ю часопісу «Дыялог»
манахіня разважае пра пакліканне, сваю манаскую супольнасць і справу
Божай міласэрнасці.
«Ніколі не будзеш ведаць, калі пасеяла зярнятка дабрыні ў сэрцы чалавека» 
— Сястра Эгілія, ці можаце сказаць пра сябе, што працуеце ў ценю постаці святой Фаўстыны?
— Вельмі стараюся так працаваць. І да постаці Фаўстыны звяртаюся штодня, гэта шчыра. Мая праца — не проста служба Пану Богу ў іншым чалавеку, а служба, незалежна ад таго, з кім працаваць, пры кім і дзе: пры касцёле, на вуліцы, у сельскім магазіне — усюды, дзе ёсць іншы чалавек, дзе глядзяць на цябе чыесьці вочы, дзе чуюць цябе чыесьці вушы…
Працаваць, не ставячы сабе межаў — ні па месцы, ні па часе… І ты ніколі не будзеш ведаць, што менавіта ў гэтую кароткую хвіліну першай (ці, можа, дзясятай) сустрэчы пасеяла зярнятка дабрыні і любові ў сэрцы гэтага незнаёмца ці незнаёмкі…
Бо тая міласэрнасць, якую пасылае Бог кожнаму чалавеку, не можа быць перададзена інакш, як толькі праз трэцюю асобу, у дадзеным выпадку – праз мяне. І я тут сапраўды прылада ў руках Найвышэйшага. І дай, Пане Божа, каб так было!
Я буду моцна шчаслівай, калі той, хто прагне Божай ласкі, атрымае яе праз маю ўсмешку ці адчуе праз прыгожы жэст або ўчынак, урэшце, зразумее, гледзячы на мой лад жыцця. Перакананая, што не павінна пражыць ніводнага дня без міласэрнага ўчынку, пра гэта гаворым моладзі пры сустрэчах. І гэта — найважнейшае, што выплывае з духоўнай спадчыны святой Фаўстыны, з яе цудоўнага «Дзённіка», і гэта таксама разуменне майго асабістага паклікання.
Мой габіт абавязвае бачыць таго, хто чакае ад мяне міласэрнасці, і дапамагаць яму, і прытуляць яго — словам, учынкам, малітвай. 
— Якой была Ваша дарога ў манаскую супольнасць?
— Да моманту ўступлення ў Кангрэгацыю я нават не ведала, што гэтая супольнасць існуе наогул. Нарадзілася ў сельскай мясцовасці недалёка ад Бяла Падляскі, вучылася ў агульнаадукацыйным ліцэі ў Януве Падляскім, і, калі такая думка прыйшла ў маю галаву першы раз, я падзялілася ёю з катэхетам ліцэя, а быў гэта пробашч маёй роднай парафіі ксёндз Здзіслаў Дудэк.
Ксёндз уважліва выслухаў і, шмат не кажучы, працягнуў мне абразок святой Фаўстыны: «Прыгледзься, падумай, можа, гэта будзе табе пасаваць». Я ўзяла абразок і падумала: «Не надта цікава… Але калі ксёндз мне гэта даў, значыць, гэтага хоча ад мяне Бог; а калі Пан Бог хоча, то няхай так і будзе — што гэта ў параўнанні з вечнасцю?» Цяпер добра разумею, што тая хвіліна была хвілінаю вырашэння майго лёсу!
— А калі Вы сустрэлі Фаўстыну ўпершыню і калі пазналі яе духоўнасць глыбока?
— Упершыню — гэта ўсё ж тады, калі кс. Здзіслаў даў мне яе абразок, таму што пасля накіравалася ў Кракаў з жаданнем як мага хутчэй даведацца: хто ж такая Фаўстына?
Мне, дарэчы, як і іншым, моцна пашанцавала: у той час у Кракаве працавала сястра Беата, якая была блізкай з Фаўстынай пры яе жыцці і была пасля віцэ-пастулятаркай працэсу беатыфікацыі святой Фаўстыны ў 1993 годзе. Сястра Беата была яшчэ і сапраўды дбайным захавальнікам духоўнай спадчыны Фаўстыны — яе «Дзённіка», бо на той час гэта былі яшчэ толькі рукапісныя сшыткі, змест якіх вельмі добра ведала сястра Беата, і імкнулася як мага дакладней перадаць яго нам. Прыкладна праз два гады майго жыцця ў Кангрэгацыі «Дзённік» упершыню выйшаў асобнай кніжкай, і яго атрымала кожная сястра.
— Як Вы апынуліся ў Беларусі?
— Спачатку я працавала ў Калішы ў Польшчы, дзе вывучала алігафрэнапедагогіку. Працавала там пасля 10 гадоў, у тым ліку з дзецьмі з парушэннямі інтэлекту. У той час у Лагеўніках, дзе вельмі дынамічна развіваўся культ Божай Міласэрнасці, адкрываўся моладзевы цэнтр, і мяне накіравалі на год працы туды, а пасля… 
Пасля адкрывалася місія на Усходзе, а канкрэтна ў Беларусі, і ў жніўні 1992 года я прыехала сюды. Благаслаўлёны дзень і час! З той пары нікуды не выязджала, акрамя рэкалекцый і адпачынку. Палюбіла Беларусь, палюбіла Шылавічы, палюбіла беларусаў і парафію, у якой працую, і сёння сэрцам магу сказаць: «Гэта — маё!»
— Сястра Элігія, нагадайце, адкуль бярэ вытокі рух Божай Міласэрнасці?
— Пачаткам дзейнасці нашай супольнасці лічыцца 1 лістапада 1862 года, калі ў Варшаве быў асвечаны першы «Дом прытулку» для дзяўчат. Заснавальніцаю яе была маці Тэрэза Эва з Сулкоўскіх, графіня Патоцкая. Менавіта яна ездзіла ў свой час у Дом міласэрнасці ў г. Лаваль (Францыя), дзе пазнаёмілася з методыкамі працы маці Тэрэзы Рондо — сузаснавальніцы Кангрэгацыі. На той час у варшаўскім доме жылі 12 дзяўчат, якія дабравольна пажадалі выправіць сваё жыццё.
Але вядомасць наша Кангрэгацыя атрымала праз святую Фаўстыну. Бог перадаў пасланне Міласэрнасці, якое нагадвае праўду аб Яго міласэрнай любові да кожнага чалавека і з’яўляецца заклікам да даверу Яму свайго жыцця, а таксама заклікам атуляць любоўю бліжняга свайго... — Ці можаце сказаць аб сваіх асабістых чаканнях у Год Божай Міласэрнасці?
— Маё прагненне, каб ніхто не адышоў галодны, не адышоў без надзеі; каб чалавек наблізіўся да Бога і спазнаў Яго Міласэрнасць. Прагну, каб людзі знайшлі сцежкі пад Яго Міласэрны Крыж і сваё месца пад Крыжам, на Крыжы і праз Уваскрасенне. 
Сёння чалавек павінен паглядзець на крыж інакш, асацыяваць яго не толькі з сімвалам, тым больш не са значком, не з ювелірным вырабам, хоць і надта філігранным, а з вялікаю духоўнаю справаю, з мэтаю, якую чалавек ставіць сабе.
Разважанні павінны ісці ў такім накірунку: Пан Бог аддаў за мяне жыццё, а што я магу даць свайму брату, мужу, суседу? Што карыснае магу зрабіць для яго і якога кшталту павінна быць гэтая карысць? Трэба ясна ўсведамляць: раней ці пазней – усе прадстанем перад Богам, і добра, калі нашыя рукі будуць поўныя снапоў дабра, а калі не?.. Не дай, Пане Божа, каб нашыя рукі былі пустымі!
Паводле Раісы Сушко, часопіс «Дыялог» Тэкст пададзены ў скарачэнні. Поўная версія інтэрв’ю на сайце часопіса,
Фота Карнэлія Консэка SVD і з асабістага альбома с. Элігіі
|