1 лютага ў Гродне адбылося ўрачыстае заканчэнне Года кансэкраванага жыцця ў Гродзенскай дыяцэзіі. На сустрэчу прыбылі манахіні і манахі, якія нясуць служэнне ў рэгіёне. Падчас сустрэчы кансэкраваныя асобы дзякавалі Богу за ўсе ласкі, якімі Ён узбагаціў іх у гэтым годзе.
Кульмінацыяй сустрэчы была ўрачыстая святая Імша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У Імшы прымаў удзел і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, а таксама вернікі, якія прыйшлі падтрымаць кансэкраваных асоб, якія ўказваюць ім шлях да Хрыста. 
Зрабіць жыццё выключна Божай уласнасцю
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч зазначыў, што кансэкраваная асоба, якая абірае дарогу паклікання да манаства, ахвяруе сваё жыццё Пану Богу. «З любоўю да Хрыста такі чалавек уваходзіць на дарогу радыкальнага практыкаванняў евангельскіх цнотаў: убоства, чыстасці і паслухмянасці — каб усё сваё жыццё зрабіць выключна Яго ўласнасцю», — дадаў іерарх.
Разважаючы над складзенымі вечнымі манаскімі абяцаннямі, біскуп зазначыў, што абяцанне ўбоства — гэта перадусім «поўнае прысвячэнне Хрысту, чуванне, каб нікому і нічому акрамя самога Бога не аддаваць сваё сэрца, каб любоў да Бога была той каштоўнай пярлінай, дзеля якой варта жыць без уласнасці». 
Спыняючыся ў сваіх разважаннях над абяцаннем чыстасці, іерарх дадаў, што, «захоўваючы чыстасць, кансэкраваная асоба ўваходзіць з Хрыстом у агульныя адносіны любові». Гэта той канкрэтны адказ на запрашэнне Хрыста да выключнага прысвячэння Яму самому.
«Чыстасць з’яўляецца здольнасцю любові да Бога і чалавека, якая становіцца дарам службы іншым і клопату пра іх дабро», — дадаў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Абяцанне чыстасці, якое складае кожны манах і кожная манахіня, з’яўляецца сведчаннем, што для Бога можна адмовіцца ад іншых дабротаў, каб палюбіць Яго ўсім сэрцам, і што такая любоў не толькі не абмяжоўвае чалавека, але і робіць яго сапраўды шчаслівым.
Разважаючы пра паслухмянасць, біскуп нагадаў, што яна з’яўляецца для кансэкраваных асобаў «свайго роду таямніцай прысвячэння». «Паслухмянасць — гэта адмысловае наследаванне Хрыста, які мае ўпадабанне толькі ў спаўненні волі Айца», — зазначыў іерарх.
Быць бачным знакам для свету
Кожнае пакліканне звязана з адмаўленнем ад чагосьці, што ўласціла свецкім людзям. Жыццё ў чыстасці, убостве і паслухмянасці ў манастве таксама пацвярджае гэта.
Але, як заўважыў біскуп Гродзенскі, манаскія абяцанні накладваюць спецыяльныя абавязкі і ўзносяць душу да дасканалай любові больш хутка і больш дакладна.
Карыстаючыся нагодай, біскуп Кашкевіч нагадаў усім прысутным, што сённяшні свет вельмі патрабуе сведчання кансэкраваных асобаў. «Чалавек грамадскі, так часта згублены ў гэтым свеце, поўным неспакою, заклапочанасці і нянавісці, часта нешчаслівы, губляе веру, прыгнечаны цяжарам паўсядзённых клопатаў, страхаў, пакут. Але ён мае патрэбу ў прысутнасці кансэкраваных асобаў і іх сведчанні — простым сведчанні аб праўдзівым шчасці, якое можна знайсці толькі ў Богу», — дадаў біскуп. 
Заканчэнне Года кансэкраванага жыцця ў Гродзенскай дыяцэзіі стала добрай нагодай для таго, каб усім асобам, якія жывуць згодна з евангельскімі абяцаннямі, падзякаваць за штодзённае змаганне за чалавечыя душы. Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім за прыгожае сведчанне веры і прысвячэнне Хрысту, за прысутнасць у жыцці Касцёла на Гродзеншчыне і за ахвярную службу, якую кансэкраваныя асобы спаўняюць у ім для дабра Божага люду. Падчас святой Імшы ўсе кансэкраваныя асобы аднавілі манаскія абяцанні. З нагоды заканчэння Года кансэкраванага жыцця кожная манаская супольнасць атрымала ў дар сімвал — свечку.
Перадаючы гэты сімвал, біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў усім, хто жыве евангельскімі цнотамі, каб іх манаскае жыццё было такім жа павольным «гарэннем» у ценю Хрыстовага крыжа, у надзеі, што агонь, распалены Божай любоўю, пераменіць іх у святло, якое асвятляе дарогу да збаўлення тым, да каго пасылае іх Бог.
Кс. Юрый Марціновіч, (IL) Фота аўтара
|