Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі ў свята Ахвяравання Пана: «Крочыць за Марыяй на сустрэчу з сапраўдным святлом»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.02.2016 11:20

2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы. Іерарх узначаліў там святую Імшу.

Таксама біскуп асвяціў грамнічныя свечкі, якія прынеслі вернікі. Іерарх патлумачыў глыбокую сімволіку грамнічнай свечкі, нагадаўшы, што яна запальваецца ў час буры і грому і гарыць у жыцці чалавека ад нараджэння да смерці.


Біскуп адзначыў, што ў свята Ахвяравання Пана вернікі прыходзяць у святыню, каб сведчыць аб Любові і спаткаць сапраўднае святло. За кожным з агеньчыкаў свечак, прынесеных імі, стаіць, па словах іерарха, хрысціянская вера ў Таго, каго евангеліст Ян назваў «праўдзівым святлом, што асвячае кожнага».

Біскуп сказаў у гаміліі, што ў ночы жыцця чалавек шукае кагосьці, хто быў бы «святлом і вызваленнем для тых, хто ў цемры». Такім Збаўцам, дадаў іерарх, з’яўляецца Езус Хрыстус, і Яго «паказвае сёння Касцёл усім шукаючым пад сімвалам запаленай свечкі».

«Хрыстус прыйшоў у свет для таго, каб мы мелі жыццё, і мелі ў дастатку. Таму Касцёл, асвячаючы сёння гэтыя свечкі, якія сімвалізуюць Хрыста, хоча нас захоўваць не толькі ад громаў у прыродзе, але найперш ад громаў у жыцці, — адзначыў біскуп. — Ён вучыць нас таму, каб у нас не знікала надзея».

«Калі сёння мы бяром у рукі асвечаную грамнічную свечку, вобраз Езуса, які жадае стаць святлом усяго нашага жыцця, то будзем памятаць, што бяром яе з рук Марыі, — дадаў іерарх. — За гэтым дарам стаіць вялікая ахвяра Яе матчынага сэрца».

Па словах біскупа, «святло гэтай свечкі, якую мы трымаем з даверам і глыбокай перакананасцю у Божых абяцаннях, здолее асвятліць шлях настолькі, каб можна было рашыцца на першы крок, а затым і другі, трэці і дайсці да жаданай мэты», «а калі мы ўпадзем, Марыя падасць нам сваю мацярынскую далонь».

«З хрысціянскай надзеяй, заснаванай на Божай міласэрнасці, будзем крочыць за Марыяй, крочыць на сустрэчу з сапраўдным святлом, якім ёсць Хрыстус, наш Пан», — заклікаў біскуп.

Іерарх падзякаваў вернікам парафіі ў Галынцы за прыгажосць традыцыі, якую яны перадаюць наступным пакаленням праз спеў калядак.

Таксама ў гэты дзень біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.