Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі ў Папяльцовую сераду: «Попел – не прыніжэнне, але дадзены Богам шанс на асабістае выпраўленне»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.02.2016 01:17

Паставіць сабе на парозе Вялікага посту шчырае пытанне аб сапраўднай матывацыі штодзённага выбару і ўчынкаў і вярнуцца да супольнай малітвы ў сям’і заахвоціў вернікаў у Папяльцовую сераду, 10 лютага, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У першы дзень новага літургічнага перыяду, які называецца Вялікім постам, іерарх узначаліў святую Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

У Эўхарыстыі прынялі ўдзел таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, выкладчыкі і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.



«На пачатку Вялікага посту Хрыстус Пан – для нашага дабра – змушае нас, каб мы захацелі паставіць сабе ўнутранае шчырае пытанне аб сапраўднай матывацыі нашага штодзённага выбару і ўчынкаў», – сказаў у гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх дадаў, што благаслаўлёны перыяд Вялікага посту прапануецца ўсім вернікам кожны год Святым Касцёлам, і гэта «спраўджаная праграма духоўнага ўпарадкавання, стварэння згоднасці паміж тым, па чым мы сумуем у адносінах Бога, і тым, што мы робім».

Удзельнікам літургіі іерарх прапанаваў час велікапоснага пакаяння перажыць на малітве. Таксама біскуп заахвоціў вярнуцца да малітвы сужэнскай і сямейнай – разам з дзецьмі, адзначыўшы, што форм такой малітвы існуе вельмі шмат.



«Папа Францішак заахвочвае да сямейнага чытання і медытацыі над Святым Пісаннем, да сямейнага ўдзелу ў пакутных набажэнствах, такіх, як Крыжовы шлях і Песні жальбы. Касцёл таксама заклікае да ажыўлення ружанцовай малітвы. Бо столькі справаў на нашай зямлі трэба вырашаць па-Божаму», – сказаў біскуп.



Іерарх нагадаў, што Вялікі пост – гэта заўсёды шанс на выпраўленне адносін з іншым чалавекам і час выпраўлення зла, учыненага іншаму. «Будзем вяртаць здаровыя стасункі ў сужэнстве і сям’і, сярод супрацоўнікаў і суседзяў, а таксама паміж іншымі людзьмі, сярод якіх мы жывём, бо ўсе мы дзеці аднаго Бога», – заўважыў біскуп і дадаў, што для выпраўлення зла дастаткова часам шчырага слова паяднання.

Іерарх патлумачыў таксама глыбокую сімволіку абраду пасыпання галоваў попелам, які адбыўся падчас Імшы. «Прымаючы попел на нашы галовы, мы ўсведамляем, што гэта не прыніжэнне, але дадзены Богам шанс на асабістае выпраўленне», – адзначыў біскуп.



Вернікі, якія ўдзельнічалі ў абрадзе пасыпання галоваў попелам, пачулі ад біскупаў, святароў і дыяканаў велікапоснае пасланне: «Ты прах і ў прах вернешся» або «Кайцеся і верце ў Евангелле».

Гэтыя словы нагадваюць аб канчатковым прызначэнні чалавека і патрэбе пастаяннага навяртання да Бога. З гэтым пасланнем вернікі вярталіся дадому, каб па-Божаму перажываць час посту, а праз малітву, міласціну і пост станавіцца ўсё больш дасканалымі дзецьмі Касцёла.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.