Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Станеўскі памаліўся за вучняў школы ў Рацічах, шпіталізаваных з прыкметамі атручвання
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.02.2016 10:16

11 лютага, калі Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень хворых, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў увечары парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы, дзе памаліўся за вучняў школы ў Рацічах, шпіталізаваных у гэты дзень з прыкметамі атручвання. Школа ў Рацічах знаходзіцца на тэрыторыі гэтай парафіі.

Школьнікі – 35 чалавек – былі шпіталізаваны з сімптомамі атручвання невядомай этыялогіі. Усе яны былі дастаўлены ў Гродзенскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу. Навучальны працэс часова прыпынены.

У парафіяльнай святыні біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў святую Імшу, падчас якой маліўся за ўсіх, каго закранула гэтая падзея: дзяцей, іх бацькоў, урачоў, якія аказваюць ім медыцынскую дапамогу, настаўнікаў і адміністрацыю школы ў Рацічах.


Іерарх сказаў, што адразу пасля атрымання гэтай навіны прыбыў на тэрыторыю парафіі, каб духоўна з’яднацца з усімі, каго закранула гэтая падзея.

«Хачу памаліцца за ўсіх, хто ўдзельнічае ў ратавальнай акцыі, каб яны знайшлі патрэбныя лекі, прычыну гэтага здарэння і каб умелі прыняць гэтае выпрабаванне ў іх жыцці згодна з Божай воляй, у цішыні і з моцным даверам Пану Богу»,  адзначыў біскуп.

Іерарх заклікаў усіх удзельнікаў Імшы падтрымаць малітвай у гэты момант дзяцей і іх сем’і.



Таксама падчас Эўхарыстыі біскуп з нагоды Сусветнага дня хворых удзяліў вернікам сакрамэнт намашчэння хворых. Іерарх памаліўся за ўсіх хворых і закранутых старасцю і цярпеннем. «У нашым цярпенні мы не можам заставацца адны, але трэба нястомна адкрывацца і шукаць Божай міласэрнасці»,  з гэтымі словамі біскуп звярнуўся да пажылых і хворых.

Шпіталізаваным дзецям іерарх пажадаў хуткага вяртання ў свой дом да сваіх блізкіх.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)
Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.