У Сапоцкіне адзначылі парафіяльны Дзень хворых: сапраўднае свята ўсёй парафіі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
12.02.2016 13:00 |
Манахіні серафіткі з супольнасці Сясцёр Маці Божай Балеснай і святары, якія працуюць у парафіі, стараюцца выконваць самаранскае служэнне ўвесь год у духу веры, служачы хворым, як самому Хрысту. Яны клапоцяцца не толькі аб здароўі хворых, але і аб збаўленні іх душаў, імкнуцца наблізіць людзей, закранутых хваробай, да Бога, дапамагчы ім адкрыць Яго дабрыню і сапраўдны сэнс чалавечага жыцця і цярпення. Перад пачаткам набажэнстваў у парафіяльнай канцылярыі неслі дзяжурства медыкі з бальніцы ў Сапоцкіне, якія давалі кансультацыі і падтрымлівалі хворых парадамі. Стаялі доўгія чэргі да споведзі, бо вернікі хацелі перажыць гэты дзень найлепш, разам з Богам: людзі пажылога ўзросту або ў стане хваробы разумеюць, што цярпенне можа быць шляхам да большай блізкасці з Хрыстом, які ідзе побач з чалавекам. У гаміліі біскуп патлумачыў, што церпячы чалавек мае патрэбу ў прысутнасці іншага. І хоць часам «нас палохае тое, што не можам дапамагчы патрэбным чынам», але важна само «знаходжанне побач з чалавекам, які церпіць». Іерарх нагадаў, што «час Вялікага посту з’яўляецца дарам Бога, запрашэннем да супрацоўніцтва з ласкай і часам, каб абвергнуць бессэнсоўнасць жыцця». На заканчэнне гаміліі біскуп заклікаў усіх пажылых і хворых людзей да поўнага даверу Богу і падзякі за тое, што ад Яго атрымліваюць. «Трэба давяраць Богу на ўзор Марыі і сузіраць міласэрнае аблічча Яе Сына Езуса Хрыста», — сказаў іерарх. Падчас Эўхарыстыі быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых, у якім Дух Святы нясе глыбокі супакой, згоду з цярпеннем, дапамагае ў хрысціянскай сталасці паглядзець на сітуацыю, прыняць яе і змірыцца з ёю, аддаючы яе міласэрнаму Богу.
Напрыканцы Імшы біскуп Юзаф Станеўскі даверыў хворых і церпячых Панне Марыі, якая стаіць пад крыжам Хрыста, удзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам і асвяціў лекі, якія прынеслі вернікі. Вучні сярэдняй школы ў Сапоцкіне спецыяльна з нагоды Дня хворых падрыхтавалі паштоўкі з падпісанымі на іх словамі падтрымкі хворым людзям. Кожны з удзельнікаў літургіі таксама атрымаў у падарунак шакалад. |
Фотарэпартаж |