Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, прайшлі ў семінарыі ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
15.02.2016 11:02

З 10 па 13 лютага навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўдзельнічалі ў велікапосных рэкалекцыях, якія ў гэтым годзе па запрашэнні кіраўніцтва семінарыі правёў як Старшыня новай камісіі па справах фармацыі клерыкаў і духавенства дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

На пачатку рэкалекцый семінарысты ў гімне да Святога Духа выказалі просьбу напоўніць іх сваім святлом і моцай. Словамі: «Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой. ... Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя, І сэрцы нам аздараві, І нашы цноты ўзмацняй...» яны выказалі веру ў дапамогу Святога Духа ў кожны момант свайго жыцця, а асабліва падчас святых рэкалекцыйных дзён.

Рэкалекцыі — справа боска-чалавечая, таму на іх пачатку біскуп Аляксандр Яшэўскі заклікаў семінарыстаў усвядоміць прынамсі два моманты: тэму рэкалекцый і іх мэту.

Сёлетнія духоўныя практыкаванні былі прысвечаны тэме «Сведкі евангельскага радыкалізму». З гэтых слоў семінарысысты чэрпалі святло для супольнага разважання. Папа Бэнэдыкт ХVI распачаў гэтую тэму падчас свайго пантыфікату, а Папа Францішак працягвае, паўтараючы неаднойчы, што духоўныя асобы павінны стаць сведкамі евангельскага радыкалізму.


На пачатку канферэнцыі рэкалекцыяніст адзначыў, што можна вельмі лёгка стаміцца, змучыцца і адчуць нуду нават у Божым служэнні — страціць смак любові і блізкасці да Бога. Некалі Папа Пій ХІІ сказаў, што баіцца стомы добрых людзей. Нават добрыя людзі могуць стаміцца і змучыцца, змагаючыся з супярэчнасцямі жыцця.

Таму першая мэта рэкалекцый на шляху евангельскай радыкальнасці датычыла прагнення стаць падатлівымі на дзеянне Святога Духа, каб дзякуючы гэтаму здзейсніць выбар, згодны з Божай воляй і сваім пакліканнем.

«Кожныя рэкалекцыі з’яўляюцца часам вяртання да гісторыі, да гісторыі свайго жыцця, жыцця чалавечага, духоўнага, інтэлектуальнага і душпастырскага. Трэба ўбачыць дзеянне Бога ў нашым жыцці. Заўважаныя намі дары ад Бога становяцца прычынай нашай падзякі, асабліва падчас адарацыі і прыватнай малітвы», – адзначыў рэкалекцыяніст. Жаданне ўбачыць нанова, што ўчыніў для нас Пан, было наступнай мэтай рэкалекцый.

На другі дзень духоўных практыкаванняў біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў семінарыстаў падумаць аб тым, што, напэўна, не ўсё ўдалося рэалізаваць з узятых пастановаў падчас рэкалекцый год таму, і нанова сказаць: «Пане Божа, перапрашаю». Іерарх дадаў, што Бог чакае ад людзей вялікай актыўнасці і ўдзелу, патрабуе нястомнага шляху навяртання.

Перапрашэнне і навяртанне звязаны з перажываннем сакрамэнту пакаяння. Унутранае аднаўленне было трэцяй мэтай рэкалекцыйных дзён.

У апошні дзень рэкалекцый біскуп акцэнтаваў увагу на тым, што кожны семінарыст павінен задумацца і паразважаць: ад чаго пазбавіцца, чаго пазбягаць, што дадаць, на чым сканцэнтравацца, каб добра перажываць сваё пакліканне. Вызначэнне свайго шляху на будучыню павінна быць з’яднана з просьбамі, скіраванымі да Бога, каб пасылаў святло для выканання пастановаў, моц, каб трываць у іх, адзначыў іерарх. Гэтая просьба стала асноўнай мэтай апошняга дня  сёлетніх велікапосных рэкалекцый.


Семінарыйная супольнасць шчыра ўдзячная біскупу Аляксандру Яшэўскаму за тое, што нагадаў удзельнікам рэкалекцый, чым з’яўляецца сапраўднае святарскае служэнне і адкуль яно бярэ сваю моц, якая заўсёды аднаўляецца.

Яўген Амасёнак, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.