Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва аб добрай падрыхтоўцы да Сусветных дзён моладзі адбылася ў Гродне: Трэба будаваць свой дом на Езусе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.02.2016 10:26

Моладзь Беларусі паступова ўваходзіць у апошні этап падрыхтоўкі да XXXI Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць летам гэтага года ў Кракаве. 18 лютага ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне адбылася святая Імша з нагоды падрыхтоўкі да Дзён моладзі.

Маладыя людзі маліліся падчас Эўхарыстыі аб тым, каб як мага лепш падрыхтавацца да сусветнага форуму, і аб яго плёнах у іх жыцці. Таксама яны маліліся за ўсіх арганізатараў сустрэчы і за моладзь Беларусі, якaя накіруецца ў Кракаў.

Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, адказны па справах моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У гаміліі біскуп заклікаў маладых людзей, прысутных у святыні, а таксама моладзь усёй Беларусі, будаваць на Хрысце і штодзённа ўзрастаць у Божай ласцы. «Зрабіце ўсё, каб ваша прагненне шчасця не засталося марай, але споўнілася ў вашым жыцці. Каб ваш сённяшні дом і дом вашай будучыні быў домам, за які чалавека напаўняе гонар і імя якому Жыццё», — сказаў іерарх.

Біскуп патлумачыў, на чым павінна засноўвацца гэтае будаванне: «Згодна з указаннем Езуса, будаваць трэба на скале, бо тады дом не абваліцца. Будаваць трэба на Хрысце і з Хрыстом. Будаваць з Тым, хто заўсёды верны, нават калі мы адмаўляем Яму ў вернасці. Будаваць з Тым, хто пастаянна схіляецца над маім зраненым грахом сэрцам і кажа: “Я цябе не асуджаю. Ідзі і адгэтуль больш не грашы”».

«Трэба распаліць у сабе жаданне ствараць ваша жыццё з Ім і для Яго – Хрыста. Не прайграе той, хто ўсё паставіў на Хрыста», — дадаў біскуп.

Іерарх прывёў прыклады святых і благаслаўлёных, звязаных з Гродзеншчынай, якія сёння могуць і павінны быць узорам для сучаснай моладзі, як належыць будаваць дом свайго жыцця на Хрысце.

«Яны проста паверылі, даверыліся і перамаглі. Духоўным спосабам, вядомым Богу, яны яднаюцца з намі», — сказаў біскуп.

Таксама іерарх заахвоціў маладых людзей падзякаваць святому Яну Паўлу ІІ, які быў ініцыятарам правядзення Дзён моладзі з усяго свету.

Біскуп нагадаў, што нелагічна будаваць на пяску, калі ёсць магчымасць будаваць на скале.

«Можа, лягчэй паставіць сваё жыццё на рухомых пясках уласнага бачання свету, можа, лягчэй будаваць без Езуса, а нават насуперак Яму. Але хто так будуе, не з’яўляецца разумным. Трываласць дома залежыць ад фундаменту», — падкрэсліў біскуп.

На заканчэнне іерарх заклікаў моладзь быць «мудрымі будаўнікамі свайго дому і шчасця».

Пасля Імшы адбылася сустрэча, на якой кс. Антоні Грэмза, каардынатар СДМ у Кракаве ад Беларусі, распавёў пра ўмовы ўдзелу беларускай моладзі ў сусветным форуме і заахвоціў духоўна рыхтавацца да гэтай важнай сустрэчы са Святым Айцом Францішкам і аднагодкамі з усяго свету. Таксама моладзь «паспрабавала СДМ на смак»  такім быў салодкі пачастунак у выглядзе торта з лагатыпам СДМ.

На бягучы момант чакаецца, што з Беларусі ў СДМ прымуць удзел пяць тысяч чалавек. Гэтая лічба, аднак, можа змяняцца. Ужо сёння вядома, што з Гродна ў Кракаў для моладзі Гродзенскай дыяцэзіі будзе арганізаваны адмысловы цягнік «Гродна-Седльцэ-Кракаў».

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.