19 лютага ў кляштары айцоў піяраў у Шчучыне адбылася сустрэча парафіяльнай моладзі са спецыяльным госцем – сястрой піяркай Марынай, якая таксама родам са Шчучына.
Некаторыя з удзельнікаў сустрэчы не падазравалі, што акрамя айцоў піяраў у Касцёле існуюць таксама манахіні падобнай супольнасці, якія бачаць прыклад наследавання Хрыста ў заснавальніку супольнасці піяраў святым Юзафе Каласансе. 
У сваю чаргу заснавальніцай Інстытуту Дачок Марыі Сясцёр Пабожных Школ, як гучыць поўная назва супольнасці сясцёр піярак, была святая Паўла Монтал, якую Касцёл успамінае 26 лютага. Святая адкрыла сваё пакліканне ў навучанні і выхаванні, асабліва дзяўчат, ставячы сваёй мэтай падтрымку жанчыны і дапамогу ёй, каб яна як жонка і маці спрыяла будаўніцтву больш справядлівага і братэрскага свету.

Сёння сёстры піяркі служаць ва ўсім свеце, асаблівым чынам ва ўласных школах, вучачы і выхоўваючы дзяцей і моладзь.
Удзельнікі сустрэчы ў Шчучыне змаглі даведацца як пра заснавальніцу гэтай супольнасці, так і пра штодзённае жыццё сясцёр піярак. Таксама сястра Марына распавяла аб сваім шляху да манаства.
Ёсць надзея, што ў шчучынскай парафіі народзяцца пакліканні не толькі сярод хлопцаў – стаць піярам, але і сярод дзяўчат – наследаваць святую Паўлу Монтал.
А. Віталій Слука SP, (AG)
Фота а. Віталія Слукі SP
|