У смаргонскім араторыі адбылося свята ўсіх хлопчыкаў і мужчын |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
23.02.2016 14:23 |
Свята, якое пачалося святой Імшой, ладзілі сябры салезіянскай супольнасці пры дапамозе сястры Валянціны Кот FMA і ксяндза Паўла Шчарбіцкага SDB. Кожны год у другую нядзелю Вялікага посту Касцёл прапануе паразважаць над момантам Перамянення Пана на гары Табор. Пад’ём на любую гару патрабуе высілкаў ад чалавека, але ўсё магчыма пры дапамозе любячага Пана Бога, таму чалавек павінен старацца наблізіць да сябе і сваёй сям’і атмасферу гары Табор. Падчас гаміліі дзеці разам з бацькамі разважалі пра любоў Пана да ўсіх людзей і пра радасць, якая выцякае з гэтай любові. Свята працягнулася ў араторыі, дзе гасцей чакалі аніматары. Да ўдзельнікаў завітаў афіцэр беларускай арміі. Хлопцамі, іх татамі і дзядулямі былі паказаны разнастайныя ўменні: маршыраваць, забіваць цвікі, перацягваць канат, канструяваць самалёт. Таксама прысутныя мелі магчымасць прыняць удзел у спаборніцтвах па армрэслінгу, праверыць сваю трапнасць і мастацкія здольнасці.
За кожнае выкананае заданне ўдзельнікі атрымлівалі балы. Найлепшыя ўдзельнікі атрымалі невялікія салодкія падарункі ад арганізатараў свята. Паводле sdb.by (АлГ) |