У гродзенскім музеі рэлігіі экспануецца ўнікальная гравюрная дошка XVIII ст. |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
24.02.2016 14:55 |
Клішэ ўнікальнага ўзору заходнееўрапейскага мастацтва выканана ў Аўгсбургу (Германія), дзе існавала моцная школа сюжэтнай і арнаментальна-дэкаратыўнай гравюры, а ўзнікла гэтая тэхніка ў першай палове ХV стагоддзя ў ювелірных майстэрнях. Правяраючы выявы, нанесеныя на сярэбраныя ці залатыя пласціны, ювеліры рабілі адбіткі на паперы. Пазней з’явілася ідэя тыражаваць такія выявы. Заглыбленні гравюрнай пласціны пакрывалі фарбай і рабілі на станку адбіткі. Мастакі-рэзчыкі прыўнеслі ў гравюру жывапіс і зрабілі яе самастойным відам мастацтва. — Друкаваныя аркушы графікі масава завозіліся на беларускія землі, дзе станавіліся праваднікамі заходнееўрапейскага выяўленчага мастацтва і атрымлівалі самабытную інтэрпрэтацыю, — кажа старшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Ігар Ганчарук. Майстар разцовай гравюры працаваў карпатліва і павольна, бо не было ніякай магчымасці ўнесці істотныя выпраўленні. Таму патрабаваўся вялікі прафесіяналізм, які відаць і ў гэтым творы.
Уражваюць падрабязна прапрацаваныя дэталі твараў з шырокай гамай пачуццяў, буйныя складкі адзення, якія свабодна аблягаюць постаці. Пры гэтым кампазіцыя адпавядае іканаграфічнай традыцыі. У цэнтры на аблоках паказана Маці Божая з Дзіцём Хрыстом, якая перадае ружанцы для чытання малітваў святой Кацярыне Сіенскай і святому Дамініку. Абаім святым, паводле касцёльнага падання, з'яўлялася Маці Божая і перадавала ім ружанец. Асобнае свята ў гонар Ружанца і Маці Божай Ружанцовай, аб чым сведчыць лацінскі надпіс унізе, было ўведзена 7 кастрычніка 1571 года ў сувязі з перамогай хрысціянскага флоту над туркамі пад Лепанта (сучасная Грэцыя). У гэты дзень у Рыме ружанцовае брацтва ўзносіла малітвы да Маці Божай, якая лічылася заступніцай хрысціянскага свету ад турэцкай пагрозы. Як падзяка за апякунства, гэты дзень назвалі ў гонар Маці Божай Пераможнай, а крыху пазней — Маці Божай Ружанцовай. Ігар Ганчарук таксама звяртае ўвагу, што над выявай змешчаны тэкст з Апакаліпсісу, у якім узгадваецца коннік з шалямі ў руцэ. Па баках тэксту адлюстраваны шалі і іх задыякальная выява. Шалі — гэта дзясяты месяц года, якому ў Каталіцкім Касцёле прысвечаны Ружанец. Такім чынам, перад намі алегарычная выява аднаго з 12 месяцаў года. |