У Лідзе прайшоў тэнісны турнір для міністрантаў піярскіх парафій |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
01.03.2016 09:32 |
27 лютага ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (мк-н Індустрыяльны), дзе служаць айцы піяры, адбыўся тэнісны турнір паміж міністрантамі піярскіх парафій Шчучына і Ліды. Ужо стала традыцыяй, што міністранты розных узростаў спаборнічаюць паміж сабой на тэнісным турніры. Спаборніцтвы прайшлі ў трох катэгорыях: А (5-7 кл.); В (8-9 кл.); С (10-11 кл.).
У турніры ўдзельнічалі школьнікі з Ліды: Антон Велента, Дзяніс Коц, Мікіта Навіцкі, Улад Чашэйка, Улад Мінойць і Павел Шырма. Іх супернікамі былі маладыя тэнісісты са Шчучына: Глеб Васькоўскі, Міхал і Дзмітрый Лобач, Роберт Ярмак, Максім Міхалоўскі, Мечыслаў Кахновіч, Андрэй Яхоўскі.
Вядома, не ўсе сталі пераможцамі і камусьці не ўдалося заняць прызавыя месцы, але для ўдзельнікаў было галоўным не гэта, а тое, што яны — супольнасць міністрантаў, былі разам і добра правялі гэты час. Арганізатарамі турніру з’яўляюцца а. Віталь Слука SP, вікарый парафіі Св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, і а. Аляксандр Махнач SP, вікарый парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (мр-н Індустрыяльны).
Спонсарамі спартыўнага спаборніцтва выступілі пробашчы піярскіх парафій: а. Андрэй Агель SP, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі у Лідзе, і а. Вітольд Пяцельчыц SP, пробашч парафіі Св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне. А. Аляксандр Махнач SP Фота: а. Віталь Слука SP, Сяргей Масло |