У дзятлаўскім араторыі распачалі праект-разважанне «Да Езуса з ксяндзом Боско» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
01.03.2016 14:44 |
Распрацоўваць праекты на Вялікі пост у араторыі імя благаслаўлёных мучанікаў з Познані ў Дзятлаве ўжо стала традыцыяй. Гэты год не стаў выключэннем. «Да Езуса з ксяндзом Боско» — так гучыць тэма на Вялікі пост 2016 года, дэвізам якога сталі словы «О Езу найцярплівейшы! Будзь міласэрны да нас!».
27 лютага ў межах праекта-разважання ў араторыі адбыўся дыялог на тэму «Эўхарыстыя і Марыя ў маім жыцці». Пачалася сустрэча супольнай малітвай. Працягам стала гульня, якая дазволіла прысутным адкрыць свае сэрцы для пазнання сябе і стварыць атмасферу добразычлівасці. 
Асноўная частка сустрэчы была пабудавана на сне св. Яна Боско «пра дзве калоны» і была прысвечана абмеркаванню ролі Эўхарыстыі ў жыцці сапраўднага хрысціяніна, а таксама Панны Марыі як прыкладу паслухмянасці і пакорнасці.
Кожны з прысутных мог падзяліцца думкамі, перажываннямі, прыкладамі з уласнага жыцця на гэтую тэму. Падчас дыялогу кс. Здзіслаў Пікула SDB падкрэсліў: «Удзел у Эўхарыстыі дапамагае кожнаму з нас паяднацца з Хрыстом. Праз Эўхарыстыю Хрыстус умацоўвае нас сваёй ласкаю, аднаўляе ў нас Божае жыццё. Марыя — наша нябесная матуля, якая на працягу свайго жыцця выконвала Божую волю. Кожны з нас можа Яе ў гэтым наследаваць».
Працягам мерапрыемства стала супольная праца дзяцей і моладзі. Было прапанавана зрабіць калаж «Мае пастановы на Вялікі пост». Завяршылася сустрэча згодна з салезіянскай традыцыяй — «Слоўкам на добрую ноч».
Паводле Алены Баклага www.sdb.by
|