Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пачуць голас Бога: у Гудагаі прайшлі «Дні цішыні» для дзяўчат
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.03.2016 11:09

З 26 па 28 лютага ў кляштары сясцёр кармэлітанак Дзіцятка Езуса ў Гудагаі праходзілі «Дні цішыні» для дзяўчат з розных куткоў Беларусі, якія прыехалі паразважаць над Божай прысутнасцю ў жыцці і паглыбіць унутраную малітву.

Пасля заканчэння духоўных разважанняў некаторыя ўдзельніцы падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Парафіянку з Маладзечна, якая папрасіла не называць яе імя, уразіла зладжаная еднасць дзяўчат, якія разумелі адна адну без слоў.

«Добра перажыць час рэкалекцый дапамагло не толькі зацішша ў прыродзе (надвор’е за вокнамі), але і сяброўская атмасфера: вочы кожнай з удзельніц зіхацелі радасцю, падтрымкай і шчырасцю. І маё "радыё" прымала гэтыя кароткія хвалькі, ператвараючы іх у вялікія і пасылаючы далей.

За сняданкам, на свежым паветры, у капліцы, у пакоі, у ранішняй чарзе ў ванну без слоў можна было зразумець "Добрай раніцы!" (хоць, праўда, віталіся часам і словамі... (усміхаецца — аўт.), але гэта не перашкаджала ўсеагульнай цішыні!) А тыя ўсмешкі, поўныя самых лепшых пачуццяў, прывозіш у сваім сэрцы дадому, у сваё акружэнне, і працягваеш справу "перадачы" радасці праз зусім маленькія рэчы! А ўсё пачалося з невялікай капліцы ў доме сясцёр, з позірку Таго, Хто 24 гадзіны ў суткі і сем дзён на тыдзень запрашае да любові, радасці, якімі мы можам дзяліцца з іншымі...»

Гэта пацвярджае і Эльвіра, парафіянка з Ашмян, якая першы раз прымае ўдзел у духоўных практыкаваннях у Гудагаі: «Для нас, маладых, вельмі і вельмі патрэбныя такія рэкалекцыі. Гэта як вярнуцца дадому пасля доўгай вандроўкі, дзе цябе чакаюць з адкрытым сэрцам. Гэта адмысловая магчымасць сустрэцца з Жывым Богам і паглядзець на сябе ў святле Яго Праўды і Міласэрнасці.

Я вельмі ўдзячная сёстрам кармэлітанкам за гасціннасць і адкрытасць, кс. Дзмітрыю Папенюку за духоўную апеку ў гэтыя дні, а ўдзельніцам — за іх шчырасць. Я заўсёды радуюся, калі сустракаю блізкіх па духу людзей, таму што ўсе мы — вялікі дар адно для аднаго».

Мае чым падзяліцца і жыхарка станцыі Гудагай Вольга, для якой прыезд да сясцёр кармэлітанак таксама не першы: «Гэтыя дні прынеслі шмат новага: гэта і знаёмства з новымі людзьмі, і новыя веды падчас канферэнцый, дзе закраналіся пытанні споведзі і міласэрнасці Айца. Адарацыя — святы час! Укленчыўшы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у цішыні, я адчувала, як паволі Ён прамаўляе да майго сэрца і дае адказы на мае пытанні, і, як гэта было ў гэты раз, — адкрывае праўды майго жыцця.

Кранула і сумеснае перажыванне Крыжовага шляху, калі кожны мог падрыхтаваць разважанні. Можна казаць яшчэ шмат, калі ж сам не перажывеш гэту сустрэчу з Панам, ніколі да канца не зможаш зразумець каштоўнасць перажытага часу. Я збіраюся прыехаць і ў наступны раз, і хай ён будзе як першы…»

Падрыхтавала Яўгенія Раткевіч,
фота Вольгі Шафран


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.