Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Станеўскі: святы Казімір вучыць нас, што малітва дазваляе змяніць сучасны свет
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.03.2016 15:10

4 сакавіка адзначаецца літургічны ўспамін св. Казіміра, каралевіча, сына польскага караля Казіміра Ягелончыка і каралевы Альжбеты. Святы Казімір — дадатковы апякун Гродзенскай дыяцэзіі. З гэтай нагоды дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў гэты дзень узначаліў святую Імшу пры алтары святога Казіміра ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Іерарх маліўся за ўсіх жыхароў Гродна, паколькі культ святога тут вельмі распаўсюджаны. Адной з нагодаў стала і тое, што святы Казімір асаблівым чынам быў звязаны з горадам над Нёманам: якраз тут 4 сакавіка 1484 г. ён правёў апошнія хвіліны свайго жыцця.

Біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў да малітвы і ў інтэнцыі ўсёй дыяцэзіі, якой апякуецца святы Казімір і якая разам з Паўсюдным Касцёлам углядаецца ў яго постаць, выпрошваючы патрэбныя ласкі і дзякуючы Богу за такога вялікага апекуна.

Таксама падчас Эўхарыстыі была ўзнесена малітва ў інтэнцыі а. Казіміра Жыліса SJ, адзінага езуіта, які нясе служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі і які ў гэты дзень святкуе свае імяніны.

Святы Казімір — блізкі гродзенцам


У гаміліі іерарх адзначыў, што гродзенцам, каб даведацца больш пра святога Казіміра, дастаткова перайсці вуліцу ад старога каралеўскага замка ў Гродне ў накірунку таго месца, дзе калісьці стаяла фара Вітаўта, каб спазнаць галоўную жыццёвую зацікаўленасць святога Казіміра Каралевіча.

Біскуп таксама прыгадаў Крыжовы шлях святога Казіміра, які, нягледзячы на каралеўскія абавязкі, што патрабавалі вялікай ініцыятыўнасці, і нядоўгі жыццёвы шлях, вызначаўся вялікім маральным аўтарытэтам, не занядбоўваў свайго духоўнага жыцця.

«Каралеўскія абавязкі ён цудоўна спалучаў з абавязкамі вучня Хрыста, таму што жыццёвую мудрасць шукаў у малітве», — дадаў іерарх.

«Святы Казімір выракся прывілеяў і ўшанаванняў каралеўскага роду. Ён не прагнуў улады і пазбягаў каралеўскіх забаўляльных вечарын і прыдворнай раскошы. Затое ён славіўся шчодрасцю сярод найбяднейшых. Ён славіўся ўчынкам міласэрнасці, аб якім усіх нас у гэты асаблівы Год Міласэрнасці праз Папу Францішка просіць Хрыстус», — сказаў біскуп Станеўскі.

Святы Казімір указвае дарогу сучаснікам


«Святы Казімір указвае нам простую і канкрэтную дарогу, якая можа быць дзейснай дапамогай у жыцці сучаснага чалавека. Ён вучыць, як аднавіць веру ў нашых сем’ях, супольнасцях і ўсім грамадстве», — адзначыў іерарх.

«Падказваючы нам, што мы павінны вярнуцца да малітвы, каб нам не забракла мудрасці і ўнутранай сілы, святы Казімір вучыць, што толькі штодзённая шчырая малітва і часты ўдзел у святой Імшы дазволіць нам змяніць сучасны свет. Святы Казімір кажа нам, што мы павінны мець “апаясаныя сцёгны” — гэта значыць заўсёды павінны імкнуцца да святасці, ставячы ў цэнтр нашага жыцця Пана Бога», — зазначыў біскуп.

4 сакавіка прафесійнае свята адзначаюць таксама міліцыянеры. Іерарх прапанаваў прысутным у катэдральным касцёле вернікам памаліцца за ўсе міліцэйскія службы, каб выконвалі свае штодзённыя абавязкі з вялікай адданасцю, служачы чалавеку і несучы бяспеку і дапамогу.

Пасля Імшы вернікі ўшанавалі рэліквіі св. Казіміра, якія знаходзяцца ў касцёле. А на вуліцах горада пачалося свята Казюкаў.

Кс. Юрый Марціновіч, (IL)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.