Дзень 8 сакавіка па-асабліваму ўзгадваецца ў касцёлах Беларусі. Гэта свецкае свята, але яно варта таго, каб у малітвах узгадаць прыгожую палову чалавецтва, тых, хто з’яўляецца сімвалам цеплыні, шчодрасці, крыніцай дабра, прыгажосці, любові.
З самымі найлепшымі інтэнцыямі сабралася ў гэты дзень уся супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, каб разам маліцца за жанчын, якія сваёй адданай працай у сценах гэтай установы далучаюцца да важнай справы фарміравання асобы святара. Святую Імшу ўзначаліў рэктар семінарыі кс. Раман Рачко. 
Падчас літургіі рэктар выказаў шчырыя словы падзякі як тым жанчынам, якія працуюць у семінарыі – выкладчыцам, бібліятэкарам, бухгалтару, кухарам, – так і ўсім маці, сёстрам, бабулям, каго ў сваіх сэрцах узгадалі ўдзельнікі Імшы. Менавіта гэты дзень з’яўляецца добрай нагодай прыгадаць сапраўдную місію жанчыны, усвядоміць бясцэннасць жанчыны-маці, жонкі, сястры і за ўсё гэта дзякаваць Богу.
Прыемныя словы ад імя ўсіх навучэнцаў семінарыі скіраваў да прысутных жанчын семінарыст Андрэй Эйсмант, які адзначыў ролю кожнай з іх у справе падрыхтоўкі семінарыстаў і выказаў падзяку за тое, што сваёй энергіяй, талентам, працай яны ствараюць сапраўдную сямейную ўтульнасць.
Паводле wsd.grodnensis.by
(AG)
Фота wsd.grodnensis.by
|