Медработнікі Ліды здзейснілі пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
10.03.2016 17:41 |
8 сакавіка група медыцынскіх работнікаў Лідскай ЦРБ і іншых службаў горада і раёна (у цэлым 56 чалавек) разам з капеланам кс. Юрыем Бяганскім здзейсніла ў Год Міласэрнасці пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай у Вільнюс.
Ля цудатворнага абраза Маці Божай адбылася святая Імша за лідскіх медыкаў на чале з галоўным урачом Генрыхам Эйсмантам, за іх здароўе, міласэрнасць, цярплівасць да пацыентаў, сяброўства і салідарнасць у калектыве.
У гаміліі капелан зрабіў акцэнт на словы Папы Францішка: «У Год Міласэрнасці людзі павінны надаць больш увагі малітве, духоўнай рэформе, прабачэнню і дапамозе бліжняму, раскрыць свае душы на ласку Божай міласэрнасці і добрыя ўчынкі для тых, хто найбольш мае ў іх патрэбу!»
Як адзначыла адна з удзельніц пілігрымкі Галіна Рамейка: «Пілігрымы едуць сюды, каб папрасіць аздараўлення ад хваробаў і благаслаўлення на важныя справы, спытаць парады і папрасіць прабачэння за грахі».
Акрамя наведвання галоўнай святыні Вільнюса, удзельнікі азнаёміліся і з іншымі храмамі: катэдральным саборам, дзе атрымалі поўны адпуст, касцёлам Божай Міласэрнасці, які адчынены на працягу сутак.
Пілігрымка завяршылася цёплымі словамі святара з пажаданнямі ждя жанчын з нагоды свята 8 сакавіка і благаслаўленнем. 
Галіна Якімовіч, (AG)
|
Фотарэпартаж |