Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ваўкавыску распачалася перэгрынацыя духоўных сімвалаў Сусветных дзён моладзі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
15.03.2016 12:22

12 сакавіка моладзь Ваўкавыскага дэканату афіцыйна пачала падрыхтоўку да ўдзелу ў Сусветных днях моладзі, якія пройдуць у ліпені ў Кракавe.

У гэты дзень душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі і каардынатар СДМ у Беларусі кс. Антоні Грэмза перадаў маладым вернікам мініяцюры духоўных сімвалаў Сусветных дзён моладзі — крыжа і абраза Маці Божай Salus Populi Romani.


Святую Імшу ў парафіі Святога Станіславa Косткі ў Ваўкавыску для моладзі ўзначаліў ксёндз Антоні Грэмза. У гаміліі святар заахвоціў дзяўчат і хлопцаў да ўдзелу ў гэтай сустрэчы з моладдзю з усяго свету, а таксама з наступнікам святога Пятра — Папам Францішкам.

Душпастыр зазначыў, што варта прынамсі раз у жыцці наведаць такі форум моладзі, каб спазнаць еднасць Касцёла, бо «разам мы можам шмат і з’яўляемся сілай».
Ксёндз Антоні Грэмза звярнуў увагу, што такія сустрэчы фармуюць светапогляд маладых людзей, дапамагаючы ім убачыць для сябе свет, людзей, а таксама скарэктаваць сваё мысленне і дзейнасць. Каардынатар СДМ у Беларусі дадаў, што трэба адказаць на запрашэнне Папы Францішка, які прагне сабраць вакол алтара моладзь з усяго свету.


Прыпынак у Ваўкавыску — гэта чарговы этап перэгрынацыі мініяцюр духоўных сімвалаў СДМ. Раней гэтыя сімвалы ў сябе ўжо прымала моладзь гродзенскай і лідскай парафій, а таксама моладзь са Шчучына.

Пасля святой Імшы хлопцы і дзяўчаты атрымалі больш падрабязную інфармацыю ад арганізатараў пра ўмовы ўдзелу ў СДМ у Кракаве, а таксама пра магчымасці прыезду на гэтую сустрэчу. Таксама ў гэты дзень быў выкананы спеў гімна СДМ.

Гродзенская дыяцэзія арганізоўвае групавы выезд на Сусветныя дні моладзі. Дзяўчатам і хлопцам дыяцэзіі прапанавана скарыстацца спецыяльным цягніком, які вырушыць з Гродна. Спачатку цягнік прывязе моладзь на рэгіянальныя СДМ у дыяцэзію Седльцэ (20-25.07), а пасля — на цэнтральныя СДМ у Кракаў (26-31.07).

Кс. Юрый Марціновіч, (IL)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.