16 сакавіка ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя адбыўся Крыжовы шлях для мужчын горада Гродна.
Падчас Крыжовага шляху ўдзельнікі разважалі над пытаннямі: якім мужчынам я буду перад абліччам смерці? Ці гатовы я да яе? Звярталася ўвага на тое, што сапраўдная каштоўнасць мужчыны схавана ў яго сэрцы; кожны мужчына пакліканы да айцоўства, а гэта патрабуе адвагі, сталасці ў мужнасці, адказнасці за сябе і іншых
У разважаннях гучала, што айцец перадае жыццё – духоўнае, а часта таксама фізічнае. Ці змагу я, пераступаючы парог вечнага жыцця, сказаць, што выканаў тое заданне, якое было маім жыццёвым пакліканнем? – над гэтым думалі ўдзельнікі падчас набажэнства.
Мужчына памірае і разбівае сваё духоўнае жыццё, калі губляе сваю мужнасць; ён становіцца пустым унутры, часам намагаецца запоўніць гэтую пустэчу замяняльнікамі, такімі, як алкаголь, наркотыкі, працагалізм, інтэрнэт, экстрэмальныя сітуацыі, хуткая язда на машыне, «блазнерства», гнеў, крытыканства, секс або бегства ў гомасексуалізм, – такая думка была прапанавана ўдзельнікам Крыжовага шляху. Часам, як гучала ў разважаннях, ён акружае сябе замяняльнікамі, якія выглядаюць зусім як плёны сталага стварэння мужнасці – мужчына стварае сям’ю, кажа, што кахае жонку, добра зарабляе, ездзіць на раскошных машынах. Але калі гэта толькі выгляд, а ўнутры няма адказнага, сапраўднага, адданага ў сваёй любові мужчыны, – то ўсяго гэтага недастаткова, каб пабудаваць шчасце і забяспечыць збаўленне сябе і сваёй сям’і.
Мужчына ўваскрасае, калі прабуджае ў сабе сваю мужнасць і служыць ёю тым, каго любіць і паважае, – гэтыя думкі гучалі ў разважаннях.
Паводле msj.by
(AG) Фота msj.by
|