19 сакавіка сотні маладых людзей і іншыя вернікі Гродна прынялі ўдзел у Крыжовым шляху вуліцамі горада. Гэты паход за крыжам, магчымасць перажыць таямніцу мукі і смерці Хрыста, праходзіў у Гродне па традыцыі ў суботу перад Пальмовай нядзеляй.
Перад урачыстай працэсіяй удзельнікі набажэнства сабраліся на Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Імшу ўзначаліў кс. Ян Кучынскі, пробашч катэдральнай парафіі.
Сёлетні Крыжовы шлях у Гродне пачаўся ад катэдральнага касцёла і праходзіў праз Савецкую плошчу, а затым на бэрнардынскі ўзгорак, дзе ў касцёле Адшукання Святога Крыжа і завяршылася набажэнства. Усе ўдзельнікі Крыжовага шляху былі закліканы даваць сведчанне ў сучасным свеце і быць міласэрнымі, як міласэрны Бог Айцец. 
Падчас набажэнства да крыжа падыходзілі прадстаўнікі розных парафій, семінарысты, юнакі, што ўдзельнічалі ў рэкалекцыях распазнання палікання, студэнты з Нігерыі, якія вучацца ў навучальных установах Гродна. Да крыжа мог падысці кожны, каб адчуць яго цяжар і хаця б крыху дапамагчы Езусу несці яго, у гэты момант стаўшы падобным да Сымона Кірынейца, які дапамагаў Хрысту несці крыж.
Гэты вельмі сімвалічны жэст нагадвае сучасным людзям аб тым, што варта і нават трэба насіць цяжары адзін аднаго, служыць адзін аднаму любоўю і павагай.

Разважанні да Крыжовага шляху ў гэтым годзе падрыхтавалі маладыя вернікі з Душпастырства старэйшай моладзі і студэнтаў Гродна «Open» пад кіраўніцтвам свайго душпастыра кс. Антонія Грэмзы. Падчас кожнай стацыі разважалі над найбольш характэрнымі заганамі сучаснага чалавека.
Сённяшні чалавек вельмі часта абыякавы да патрэбаў бліжняга і стараецца думаць толькі пра сябе. Таксама ён не прывык дзякаваць, а прызвычаіўся думаць, што яму ўсё належыць. Крыжовы шлях вуліцамі Гродна заахвоціў усіх яго ўдзельнікаў адкрыцца на іншага чалавека, заўважаць людзей, якіх Бог кожны дзень нам пасылае.

Важнай думкай Крыжовага шляху было тое, каб адкрыцца на іншага і прымаць яго такім, якім ён ёсць, — проста любіць, як любіў усіх людзей Езус Хрыстус і заўсёды спяшаўся ім дапамагчы. Вялікі тыдзень, у які ўваходзяць зараз вернікі, будзе найлепшай магчымасцю рэалізацыі любові да Бога і да іншага чалавека — такое пасланне атрымаў кожны з удзельнікаў набажэнства.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Веранікі Карповіч
|