«Любоў не памірае»: у Сапоцкіне прайшоў інсцэніраваны Крыжовы шлях вуліцамі мястэчка |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
21.03.2016 12:06 |
Па традыцыі ў пятніцу перад Пальмовай нядзеляй — у гэтым годзе 18 сакавіка — вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча разам са сваім пробашчам кс. Антоніем Абухоўскім, несучы на плячах крыж, прайшлі вуліцамі Сапоцкіна, разважаючы над мукай і смерцю Езуса Хрыста. Такі Крыжовы шлях ужо стаў традыцыяй у сапоцкінскай парафіі і збірае шмат удзельнікаў, якія хочуць разам з Езусам перажываць Яго апошнія хвіліны зямнога жыцця. Таксама гэта своеасаблівая маніфестацыя веры і сведчанне для іншых, што сёння варта ісці за Хрыстом, бо толькі Ён надае сэнс чалавечаму жыццю і толькі разам з Ім можна быць шчаслівым.
Удзельнікам набажэнства было прапанавана яшчэ раз паразважаць аб лёсе Езуса, які ёсць Любоў, на Крыжовым шляху. Гэтыя разважанні дапамагалі вернікам задумацца над сваім жыццём і ўсвядоміць праўду, што толькі любоў надае сэнс штодзённасці.
Кс. Юрый Марціновіч |
Фотарэпартаж |