Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Мужчына – дар Бога свету»: велікапосныя рэкалекцыі для мужчын прайшлі ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.03.2016 10:04

19 сакавіка ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне сабраліся ўдзельнікі «Мужчыны св. Юзафа» з Гродна, Росі і Ліды, каб разам адзначыць урачыстасць свайго апекуна — святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.

Праводзіла рэкалекцыі сястра Паўла Бобер MSF, вядомая ў Беларусі і за яе межамі выкладчык і псіхатэрапеўт.

«Мужчына — дар Бога свету»

Сваю першую канферэнцыю с. Паўла назвала «Мужчына — дар Бога свету». На аснове біблійнага апісання стварэння чалавека манахіня паказала, у чым заключаецца пакліканне жанчыны, а ў чым — мужчыны.

«Калі Бог заклікае чалавека да чагосьці, Ён дае яму неабходную ласку, сілу для выканання гэтага», — падкрэсліла сястра, а затым распавяла пра тры галоўныя жаданні, якія Бог упісаў у сэрца мужчыны: жаданне барацьбы, прыгодаў, рызыкі і выратавання прыгажуні.

«Калі асноўнае пытанне, якое задае жанчына, - "ці прыгожая я?", то асноўнае пытанне мужчыны – "Ці змагу я?"» — заўважыла лектар.

Сястра таксама адзначыла, што мужчыне трэба дзейнічаць, таму што, «калі ён не будзе дзейнічаць, то ў пэўны момант страціць сэнс свайго жыцця», «і тады яго свет будзе зведзены да канапы, хатніх тапак і тэлевізара».

«Мужчыну патрэбна змагацца, аднак гэтая барацьба не азначае агрэсію і напад, але абарону. Яму патрэбна гарманічная сіла, якая не знішчае, а стварае. Таксама Бог уклаў у сэрца мужчыны жаданне выратоўваць жанчыну», — падкрэсліла сястра Паўла.

Манахіня заўважыла, што пасля першароднага граху д'ябал нанёс удар менавіта па сіле мужчыны, і той гэтую сілу не выкарыстаў, не абараніў жанчыну.

«У выніку першароднага граху мужчыну не хочацца рызыкаваць, браць адказнасць за жыццё ў свае рукі, ён не змагаецца. Прыгажуню не ратуе, і сябе таксама», — распавяла с. Паўла.

Напрыканцы першай канферэнцыі с. Паўла патлумачыла ўдзельнікам рэкалекцый, з чаго можна пачаць, каб дапамагчы мужчыне (сабе самому ці іншаму) вярнуцца да таго вобразу, які задумаў для яго Бог.

Мужчына можа быць заспакоены толькі Богам

У другой канферэнцыі с. Паўла прыгадала асобу святога Юзафа.

«Побач са святым Янам Хрысціцелем, святы Юзаф з'яўляецца адным з тых мужчын Евангелля, якія паказваюць, што з Богам можна пераадолець усё», — нагадала манахіня.

Спасылаючыся на гісторыю нараджэння Езуса, с. Паўла прадставіла святога Юзафа як чалавека праведнага, высокай псіхічнай і духоўнай сталасці.

«Нягледзячы на ўсю складанасць і незразумеласць сітуацыі, ён абараняе Марыю. Але гэта яму не даецца лёгка. Ён змагаецца сам з сабой, пакуль да яго не прыходзіць анёл і не адкрывае яму волю Бога. Мужчына можа быць заспакоены толькі Богам», — падкрэсліла с. Паўла.

Манахіня нагадала, што мужчыну патрэбна размаўляць з Богам Айцом. Калі з Марыяй анёл размаўляў адзін раз, то з Юзафам — пастаянна.

«Юзафу даводзілася пастаянна рызыкаваць, праяўляць веру без усялякіх гарантый і апор, акрамя Божага слова. Таксама як і Абрагаму», – заўважыла лектар.

Пасля канферэнцый мужчыны маглі задаць пытанні сястры Паўле. Напрыканцы рэкалекцый адбылася святая Імша, падчас якой удзельнікі падзякавалі Богу за дар апекі святога Юзафа, дар веры для супольнасці і папрасілі аб неабходных ласках, каб рэалізаваць у жыцці сваё пакліканне згодна з Божай воляй.

Паводле msj.by,

(MV)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.