20 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, у парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях.
Некалькі соцень вернікаў, не толькі з гарадскога пасёлка, але і з суседніх парафій, з крыжамі ў руках і запаленымі свечкамі прайшлі гэты пакутны шлях, перажываючы евангельскія сцэны апошніх момантаў зямнога жыцця Езуса Хрыста.
Сцэны мукі і смерці Хрыста былі інсцэніраваны на 14 прыпынках, якія далі магчымасць прысутным глыбей зразумець сэнс цярпення Езуса, якое Ён ахвяраваў за людскія грахі.
Асаблівай радасцю для вернікаў стала тое, што парафію ў Вялікай Бераставіцы наведаў у гэты дзень дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які таксама прыняў удзел у Крыжовым шляху. На пакутным набажэнстве прысутнічалі i святары з іншых парафій Бераставіцкага дэканата, якія падчас Крыжовага шляху праз сакрамэнт пакаяння ядналі людзей з Богам.
Нягледзячы на не зусім спрыяльнае надвор’е, вернікі цярпліва ішлі апошнім шляхам Хрыста, даючы сведчанне сваёй веры і гатоўнасці з пакорай прыняць свой жыццёвы крыж. Нехта з цікавасцю назіраў за імі праз вокны, нехта спыняўся ў непаразуменні, некаторыя далучаліся да групы вернікаў на гэтым шляху. Хаця многія ведаюць пра крыжовую смерць Хрыста, яна зусім па-іншаму ўспрымаецца, калі бачыць яе на свае ўласныя вочы, няхай нават і ў тэатралізаваным выкананні. На заканчэнне Крыжовага шляху біскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў пробашчу парафіі кс. Вальдэмару Слоту і ўсім, хто рыхтаваў тэатралізаваную містэрыю, і адзначыў, што пакутныя сцэны бічавання, укрыжавання і смерці Езуса Хрыста паказваюцца не для таго, каб палохаць людзей, а дапамагаюць усвядоміць, наколькі вялікай з’яўляецца Божая любоў і цана за чалавечае збаўленне. Па словах іерарха, Хрыстус памёр на крыжы, каб выбавіць свет ад граху, і мы па Яго прыкладзе павінны змяняць свет да лепшага, праз свае добрыя ўчынкі паказваючы любоў да іншага чалавека. 

Ірына Міклаш
|