Трэці тур моладзевай гульні «Бітва мікрараёнаў-2016» адбыўся ў Смаргоні |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
22.03.2016 11:36 |
19 сакавіка пасля святой Імшы, на якой разам з рэкалекцыяністам кс. Станіславам Краўчанкам SDB разважалі аб ролі святога Юзафа ў жыцці Пана Езуса і ролі бацькі ў сучаснай сям’і, смаргонская моладзь сабралася на працяг вечару ў ФАК «Юнацтва», дзе прайшоў чарговы, ужо трэці, тур «Бітвы Мікрараёнаў-2016». Згодна з палажэннем аб спартыўным туры, каманды прайшлі тры этапы: гульні ў міні-футбол, міні-баскетбол і спартландыю. Акрамя таго, можна было дадаткова зарабіць ачкі праз конкурс штрафных кідкоў (баскетбол), конкурс удараў па варотах з кропкі «пенальці» (футбол) і набраць максімальны лік падцягванняў на перакладзіне верхнім хватам за 1 хвіліну. Як адзначыў адзін з арганізатараў «Бітвы», каардынатар супольнасці салезіян-супрацоўнікаў у Беларусі Віталь Арцёменка, падчас гульняў адчуваўся сапраўдны спартыўны і ў той жа час салезіянскі дух спаборніцтва сярод удзельнікаў і гледачоў. Заўзятараў увогуле было вельмі шмат, як падчас сапраўдных спартыўных спаборніцтваў, якія праводзяцца ў комплексе «Юнацтва». Дзякуючы сваёй спартыўнай падрыхтоўцы, а таксама перамозе па ўсіх паказчыках дадатковых ачкоў, у спартыўным туры перамагла каманда СНГ (дарэчы, не абыйшлося ў камандзе без моцнай дапамогі вайскоўцаў Смаргонскай пагранічнай групы). Пасля аб’яўлення вынікаў спартыўнага туру паслухалі традыцыйна салезіянскае слоўка на ноч, якое прамовіў ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, і, атрымаўшы благаслаўленне, разышліся радасныя і ўражаныя спаборніцтвамі. Праз увесь Вялікі пост удзельнікі спаборніцтваў разважалі аб учынках міласэрнасці да бліжняга. Падчас падрыхтоўкі чарговага этапу «Бітвы Мікрараёнаў» арганізатары сутыкнуліся з міласэрнасцю многіх людзей, без дапамогі якіх спартыўны тур «Бітвы» не быў бы такім спартыўным і маштабным. За магчымасць правесці спартыўны тур у ФАК «Юнацтва» і скарыстацца неабходным спартыўным інвентаром арганізатары шчыра ўдзячныя адкрытасці сэрцаў дырэктара ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Смаргоні» А.А. Коваля, загадчыка сектарам спорту і турызму Смаргонскага РВК А.Г. Лобана, дырэктара ДУА «Вучэбна-педагагічны комплекс Смаргонскі яслі-сад-пачатковая школа» Н. А. Папялушкі. Па выніках трох тураў з мінімальнай перавагай у лідарах па-ранейшаму каманда SWEG (289 балаў), на другім месцы «Аліўе» (287 балаў), у каманды СНГ — 277 балаў. Апошні, творчы тур «Бітвы мікрараёнаў-2016» адбудзецца 23 красавіка. Sdb.by (АлГ) |