Ноччу з Вялікага аўторка на сераду ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе адбылася акцыя «Ноч канфесіяналаў». Дзякуючы ёй многія вернікі змаглі прыступіць да сакрамэнту паяднання перад святам Вялікадня.
Найперш гэтая акцыя ладзіцца для тых, каму цяжка знайсці час па прычыне працы і абавязкаў, але хто хоча перажыць святы Уваскрасення Пана з вольным ад грахоў сэрцам. Найлепшым водгукам на гэтую акцыю была вялікая колькасць вернікаў, якія прынялі ў ёй удзел, а таксама распавялі аб перажытай сустрэчы з міласэрным Хрыстом, які дорыць прабачэнне.
Удзельнікі акцыі «Ноч канфесіяналаў» падзяліліся ўражаннямі.
Міхаіл, вадзіцель: «Вялікім плюсам гэтай акцыі з'яўляецца тое, што споведзь ноччу адбываецца ў цішыні і адасабленні ад абавязкаў, якія не даюць засяродзіцца днём, што дазваляе спакойна і глыбока перажыць гэты сакрамэнт». Люцына, настаўніца: «Гэта вельмі важная акцыя, асабліва для тых, хто шмат працуе і не можа знайсці час днём, а тым больш што набліжаецца свята, а з ім і вялікія чэргі да канфесіяналаў, што таксама нясе пэўныя цяжкасці». Ксёндз Уладзіслаў Сурвіла: «Я быў сапраўды прыемна здзіўлены колькасцю вернікаў, якія прынялі ўдзел у гэтай акцыі. Мы ўпершыню вырашылі паспрабаваць нешта такое ў нашай святыні і зразумелі, што людзі маюць патрэбу ў такіх кроках з боку Касцёла. Гэта добрая акцыя, якая прайшла паспяхова і, напэўна, стане прыгожай традыцыяй нашага Касцёла». Тамаш Мікалайчык Фота Маргарыты Пальчукевіч
|