Дабрачынную акцыю для шматдзетных і патрабуючых сем’яў зладзіў «Карытас» парафіі ў Іўі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
01.04.2016 14:48 |
У Вялікую cуботу дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі правяло акцыю па збору прадуктаў для патрабуючых. З прынесеных парафіянамі прадуктаў былі ўладкаваны прадуктовыя наборы і святочныя пасылкі для шматдзетных і патрабуючых сем'яў Іўеўшчыны і ваколіц. Таксама побач з прадуктамі вернікі пакідалі па велікодным яйку. Як распавёў Catholic.by пробашч парафіі ў Іўі кс. Ян Гавецкі, людзі з інтузіязмам успрынялі прапанову, у выніку прадуктовых набораў было сабрана больш за 300 кг, а велікодных яек было сабрана каля 600 штук. Перад нядзеляй Божай Міласэрнасці супрацоўнікі і валанцёры «Карытас» на чале з кс. Янам Гавецкім наведалі шэраг устаноў і дзясяткі патрабуючых сем’яў, каб перадаць ім велікодныя падарункі. У прыватнасці, былі наведаны Ашмянскі інтэрнат дзяцей-сірот і псіханеўралагічны дыспансер у Навагрудскім раёне. «Радуе, што парафіяне актыўна адгукнуліся на дабрачынную акцыю, — адзначыў кс. Ян Гавецкі. — Я ў сваю чаргу цешуся, што перад нядзеляй Міласэрнасці нам удалося зрабіць па-сапраўднаму важную справу і адведаць шмат патрабуючых». (IL), фота Міхаіла Точкі |
Фотарэпартаж |