На восем новых міністрантаў павялічылася літургічная служба алтара ў Шчучыне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
04.04.2016 16:12 |
У нядзелю Божай Міласэрнасці ў парафіі ў Шчучыне адбылося прыняцце васьмі новых міністрантаў у літургічную службу алтара. Пачынаючы з верасня мінулага года, кандыдаты ў міністранты рознымі спосабамі рыхтаваліся да гэтай урачыстай хвіліны. Гэта былі фармацыйныя сустрэчы, тэарэтычныя і практычныя заняткі, інтэграцыйныя выезды з літургічнай службай і г.д. Таксама ў дзень перад прыняццем для будучых міністрантаў быў арганізаваны дзень духоўных сустрэч, падчас якога хлопцы самі склалі сабе 10 запаведзяў быцця добрым міністрантам, паабяцаўшы іх выконваць. Урачыстасць прыняцця ў літургічную службу алтара ўзначаліў пробашч парафіі а. Вітальд Пяцельчыц SP. Падчас Эўхарыстыі новыя міністранты склалі перад пробашчам і ў прысутнасці ўсіх сабраных вернікаў абяцанні быць заўсёды вернымі Хрысту і Яго Касцёлу, а таксама атрымалі разам з комжамі міністранцкія пасведчанні. На заканчэнне ўрачыстасці ўсіх чакаў салодкі пачастунак. Падобная ўрачыстасць прайшла і ў капліцы ў Барташах (вёска недалёка ад Шчучына, у якую кожную нядзелю з сакрамэнтальнай паслугай прыязджаюць айцы). У гэты дзень у літургічную службу алтара было прынята восем кандыдатаў, якія ў бліжэйшыя месяцы будуць рыхтавацца да міністранцтва. |
Фотарэпартаж |