Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч ва ўрачыстасць Звеставання Пана: «Толькі згода волі чалавека з воляй Бога чыніць цуды»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.04.2016 10:52

4 красавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) адбылася адпустовая ўрачыстасць.

На ўрачыстай cвятой Імшы прысутнічалі жыхары Гродна, мясцовае духавенства і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У гэты дзень сваё свята адзначала таксама супольнасць правінцыяльнага законнага дома ў Гродне Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Адпустовую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Вітаючы ўсіх сабраных на літургіі, рэктар касцёла кс. Антоні Грэмза адзначыў, што ўрачыстасць, калі ўспамінаецца таямніца Уцелаўлення Божага Сына, адносіцца да найстарэйшых і самых важных у Каталіцкім Касцёле.

Па словах святара, калі Марыя адказала анёлу: «Няхай мне станецца паводле твайго слова», у Яе дзявочым улонні Бог стаўся чалавекам.

Жыццё — гэта дар Бога

У гэты дзень многія вернікі далучаюцца да ініцыятывы «Духоўнае ўсынаўленне» Гэта добрая магчымасць выратаваць ад смерці ненароджанае дзіця, якому пагражае аборт, падтрымліваючы яго сваімі малітвамі.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што жыццё з’яўляецца найвялікшым дарам, які Бог даў чалавеку, і што «чалавек павінен да яго ставіцца як да дару — з удзячнасцю, пашанай, радасцю, гатоўнасцю да яго прыняцця і з вялікім клопатам.

Прыкладам прыняцця дару жыцця іерарх назваў Панну Марыю, якая падпарадкавала сваю волю Божай, свае планы — планам Створцы, свае намеры — намерам Бога.

«Усё, што сапраўды з’яўляецца вялікім у свеце, можна выканаць толькі тады, калі воля чалавека адказвае словам “так” волі Бога. Толькі згода волі чалавека з воляй Бога можа чыніць цуды і дае шчасце як у асабістым жыцці, так і ў жыцці сем’яў і цэлых супольнасцяў», — адзначыў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Гродзенскі ардынарый заўважыў, што здарэнне ў Назарэце паказвае: справы Бога ў свеце праяўляюцца праз справы чалавека, якога Бог выбірае і давярае яму пэўнае заданне, чакаючы ад яго адказу — свабоднай і велікадушнай, жывой веры.  

«Звеставанне ў Назарэце з’яўляецца таямнічай сустрэчай Божай любові і вернасці з верай і воляй чалавека. Так ёсць заўжды: верны і любячы Бог уваходзіць у жыццё чалавека, калі ў вольным чалавеку знойдзе паслухмянасць веры», — дадаў іерарх.

Трэба даверыцца Пану Богу

Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў таксама, што Бог кожнаму чалавеку дае пэўнае заданне, якое называецца пакліканнем, і што «кожнае з іх можа быць рэалізавана плённа і шчасліва толькі тады, калі на ўзор Марыі мы поўнасцю даверымся Богу».

Напрыканцы гаміліі іерарх звярнуўся да прысутных на літургіі сясцёр назарэтанак, якія прыкладам веры, самапрысвячэння і служэння Богу і бліжняму абралі Святую Сям’ю з Назарэта.

«Не стамляйцеся ў навучанні — словам і ўчынкам, што ў Езусе Хрысце, Сыне Божым, які ўцелавіўся і стаў адным з нас, Бог сапраўды знаходзіцца блізка да кожнага чалавека. Няхай вернае выкананне волі Бога ў духу пакоры, любові і ахвяры напаўняе вашыя сэрцы сапраўднай радасцю і ўзбагачае тых, каму вы служыце», — сказаў манахіням біскуп Гродзенскі.

Адпустовая ўрачыстасць завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і благаслаўленнем.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.