Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікодны канцэрт «Надзея ў Божай міласэрнасці» прайшоў у смаргонскім араторыі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.04.2016 10:03

Канцэрт, арганізаваны ў Юбілейны Год Міласэрнасці, пачаўся словамі  святой Фаўстыны Кавальскай: «О, неспасцігальная і бязмежная Міласэрнасць Божая, хто цябе годна праславіць і ўзвялічыць зможа?»

Усе ўдзельнікі канцэрта, пачынаючы ад самых малодшых, стараліся праславіць Бога рознымі спосабамі: вершамі, спевамі, танцамі, тэатральнымі пастаноўкамі.

Па традыцыі ў канцэрце прынялі ўдзел розныя парафіяльныя групы. Кожны нумар быў крэатыўным і непаўторным, але самае галоўнае — кожнае выступленне несла ў сабе радасць, якая перадавалася гледачам.

Гледзячы на дзяцей, можна было сказаць, што яны заўсёды нясуць вялікую радасць праз сваю дзіцячую прыгажосць і свае таленты. Моладзь захапіла гледачоў цікавымі пастаноўкамі, якія далі магчымасць задумацца. Парафіяльны хор, колы «Жывога Ружанца» праслаўлялі Бога і дзякавалі за Божую Міласэрнасць у нашай краіне і у нашых сем’ях.

Напрыканцы свята аніматары і кандыдаты падрыхтавалі невялікую тэатральную пастаноўку, у якой праз танец былі паказаны асноўныя моманты жыцця Езуса Хрыста.


У гэты вечар у Смаргоні было так, як вучыў святы Ян Боско: « …дзеля любові да Езуса ва ўсіх было адно сэрца і адна душа». Сярод удзельнікаў і гледачоў былі кс. Алег Жураўскі SDB, кс. Павел Шчарбіцкі SDB,  с. Ірына Барцэвіч FMA, с. Валянціна Кот FMA, с. Вераніка Блізнюк FMA, семінарыст Юрый Пашкавец SDB, якія прысутнічалі не як настаўнікі, а як бацькі і сябры.

Ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, удзяляючы благаслаўленне, выказаў надзею, што гэты час, праведзены разам, застанецца ў памяці на доўгія гады.

Настасся Субко, фота Караліны Сняжко
www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.