Велікодны канцэрт арганізавала парафія Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
11.04.2016 11:49 |
3 красавіка ў Доме культуры ў Навагрудку адбылася канцэртна-віншавальная праграма «Радасць Уваскрасення». Яна была ўпершыню арганізавана парафіяльнай супольнасцю ў Навагрудку сумесна з мясцовай уладай. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі сёстры назарэтанкі на чале з настаяцельніцай кляштара ў Навагрудку с. Лаўрай Шукеловіч, намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана Каралько, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Алег Анікевіч і іншыя прадстаўнікі ўлады, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы ў Навагрудку, імам мячэці ў Навагрудку Якуб Хаджы Александровіч. Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Каралько падзякавала за запрашэнне на гэтае «цудоўнае мерапрыемства дабрыні, шчырасці, мерапрыемства, дзе будзе валадарыць моладзь, наша будучыня». «Нездарма кажуць: тое, што мы пасеем у душах нашых дзяцей, тое пажнём у будучыні. Хачу павіншаваць усіх са святам светлай Пасхі, пажадаць Божай ласкі, спакою, дабрыні і здароўя вашым сем’ям», – сказала намеснік старшыні райвыканкама, дадаўшы, што «такія мерапрыемствы будуць толькі на карысць усім нам».
Напрыканцы былі падведзены вынікі віктарыны, пытанні да якой былі надрукаваны ў раённай газеце «Новае жыццё». Прыняць удзел у віктарыне маглі ўсе жадаючыя незалежна ад веравызнання. Пераможцам стаў Дзяніс Шах, які даў вельмі грунтоўныя адказы. Другое месца ў Дар’і Жынко, трэцяе – y Валянціны Булько. Таксама была праведзена бяспройгрышная латарэя. (AG) |
Фотарэпартаж |