Музычны вечар кс. Тадэвуша Крыштопіка да Года Міласэрнасці прайшоў у Навагрудку |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
18.04.2016 15:39 |
17 красавіка ў канцэртнай зале музычнай школы г. Навагрудка адбыўся музычны аўтарскі вечар кс. Тадэвуша Крыштопіка, прысвечаны Году Міласэрнасці, які арганізавала парафія Св. Міхала Арханёла сумесна з гарадскімі ўладамі. Аўтарскі канцэрт сабраў розных творчых людзей з Навагрудка: паэтаў, мастакоў і ўсіх, хто цікавіцца рэлігійнай музыкай і паэзіяй. Сярод прысутных былі таксама святары, манахіні, настаўнікі. Пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла кс. Юрый Жэгарын, вітаючы прысутных, сказаў: «Каталіцкі Касцёл заахвочвае стаць прапаведнікамі Божай Міласэрнасці не на словах, а чынам. Паняцце “Міласэрнасць” у святле Божага слова азначае прабачэнне, падтрымку, разуменне, шчырасць, любоў. Таму гэты канцэрт стане хаця і невялікім, але дзейсным крокам, каб дакрануцца праз музыку і творчасць да нашага міласэрнага Збаўцы, Езуса Хрыста…» Ва ўступным слове кс. Тадэвуш Крыштопік заахвоціў слухачоў словамі святога Яна ад Крыжа «мець пастаянную прагу наследавання Езуса ва ўсім, стараючыся зрабіць сваё жыццё падобным да Яго жыцця, над якім трэба часта разважаць і, нягледзячы ні на што, паводзіць сябе так, як паступаў Збаўца». Перад кожнай песняй быў невялікі ўступ-разважанне, у якім святар узгадваў словы такіх святых, як Бернард з Клерво, Эдыта Штайн, Амброзій, Аўгустын, Хасэмарыя Эскрыва, Тэрэза ад Дзіцятка Езус і іншыя. Апрача асабіста ўкладзеных песень, кс. Тадэвуш выконваў кампазіцыі ўласнага перакладу з іншых моваў, песні на замежных мовах, сярод якіх песня «Shalom» на старажытнаяўрэйскай мове, «Magnificat», «Падарожжа» аўтарства Арыэля Рамірэза ў перакладзе на беларускую мову (мелодыя з гэтай песні многім вядомая, таму што выкарыстоўвалася ў праграме «В мире животных»), «Міласэрны Збаўца», «Самуэль» аўтарства італьянскага святара Джозі Чэнто, «Не судите», «Abba, Ойча» і іншыя. Слухачы, не хаваючы сваіх пачуццяў, сказалі, што «праз музыку дакрануліся да міласэрнага Езуса». Найбольш кранальнай была песня на старажытнаяўрэйскай мове, што прагучала на самым пачатку і якую слухачы папрасілі выканаць на «біс». На вечары прысутнічала таксама каталіцкая моладзь і дзеці, якія на завяршэнне імпрэзы ад імя ўсіх вернікаў Навагрудка падзякавалі таленавітаму госцю за выступ. Ксёндз Тадэвуш Крыштопік нарадзіўся ў 1957 годзе. Скончыў Гродзенскае музычнае вучылішча і Мінскую кансэрваторыю. У 1982 годзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія). Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1987 годзе. Святарскае служэнне нёс у Ілукстэ каля Даўгаўпілса, Новым Двары, Старых Васілішках, Першамайску і Астрыне Шчучынскага раёна, потым у Гродне. Цяпер пробашч у парафіі Квасоўка каля Гродна. Песні пачаў укладаць ужо ў першыя гады свайго святарства. (IL) |