Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Дакраніся да Божай міласэрнасці — крыніцы жыцця і любові»: вечар праслаўлення адбыўся ў Лідзе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.04.2016 11:30

23 красавіка ў лідскім Палацы культуры адбыўся вечар праслаўлення, арганізаваны каталіцкім евангелізацыйным рухам «Gloriosa Trinita». Рух ужо шмат гадоў дзейнічае пры лідскай парафіі Святой Сям’і.

Свята праслаўлення прайшло пад дэвізам «Дакраніся да Божай міласэрнасці — крыніцы жыцця і любові». Вечар, падчас якога прагучалі сведчанні многіх людзей, якія спазналі дзеянне Бога, што радыкальна змяніла іх жыццё, стаў магчымасцю сустрэчы з Богам і іншым чалавекам.

У сустрэчы прынялі ўдзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары, прадстаўнікі мясцовых уладаў, жыхары Ліды і навакольных мясцовасцяў, а таксама прадстаўнікі евангелізацыйнага руху «Gloriosa Trinita» з Польшчы, Італіі і Беларусі. Сваім удзелам парадаваў прысутных таксама заснавальнік руху — кс. Анджэй Свянцінскі, які цяпер служыць Італіі.

«Давайце пакінем усе свае трывогі і смуткі і адкрыем сваё сэрца для Езуса», — заахвоцілі на пачатку вядучыя вечара ўсіх прысутных.

Любіць Хрыста і Яго Касцёл

Сустрэча пачалася малітвай праслаўлення, якую правяла супольнасць руху з лідскай парафіі Святой Сям’і. На сцэне выступілі і наймалодшыя ўдзельнікі руху «Gloriosa Trinita», праз спеў выказаўшы сваю любоў да Хрыста і Касцёла. Таксама ў праграме была інсцэніроўка, удзельнікі якой звярнулі ўвагу на тое, што Езус прыходзіць да кожнага чалавека са сваёй ласкай, прабачэннем і жадае падаць руку кожнаму.

Уся сустрэча аздаблялася прыгожым спевам, які падтрымліваў атмасферу і быў адзінай вялікай малітвай праслаўлення. Песні, якія гучалі на працягу вечара, вучылі любіць Бога ўсім сэрцам, перамагаць зло дабром і несці Божае святло і любоў усяму свету.

Сустрэча дапамагала ўдзельнікам адкрыць новыя бакі ўзаемаадносінаў любячага Бога з людзьмі — Яго дзецьмі.

Падчас сустрэчы сабраных заахвочвалі штодзённа адкрываць Божае слова, якое нясе ў сабе вялікае багацце і дае рэцэпты шчаслівага жыцця. «Калі вы прымеце Божае слова ў сваё сэрца і жыццё, яно дасць корань, будзе расці, прыносячы плён і даючы вынікі, якія жадае ўбачыць Бог», — такімі словамі вядучыя заклікалі да частага чытання Святога Пісання.

Прабачэнне — нараджэнне нанова

Ксёндз Юзаф Ганчыц, пробашч парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, прапанаваў удзельнікам сустрэчы паразважаць над тэмай любові, якой Бог адорвае кожнага. «Евангелле паказвае незразуметую любоў Бога да чалавека», — адзначыў святар.

Па словах кс. Юзафа Ганчыца, гэты вечар з’яўляецца выразам Богу падзякі за Яго любоў, а яго ўдзельнікі сабраліся, каб «зрабіць канкрэтную пастанову: хачу прабачыць усім тым, хто ў жыцці мяне пакрыўдзіў, але адначасова хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх, каго пакрыўдзіў я».

Святар дадаў, што часта людзі не могуць прабачаць, бо ў іх жыцці не хапае веры, а «для таго, каб быць здольным прабачаць іншым, на першым месцы павінна быць любоў, а не маё “я”».

Пробашч лідскай парафіі пажадаў, каб «гэты вечар хвалы быў прабуджэннем», каб удзельнікі «абудзіліся да новага жыцця, кожны дзень хацелі любіць Бога і іншага чалавека». «Няхай уваскрэсне ў нас любоў да Бога. Будзем несці любоў у свет, дзяліцца гэтай любоўю», — дадаў кс. Юзаф Ганчыц.

Рух «Gloriosa Trinita», які падрыхтаваў гэты вечар, дапамагае людзям выпрастаць свае жыццёвыя сцежкі. Радасць у вачах многіх людзей, для якіх гэты рух стаў адной вялікай сям’ёй, дзе яны могуць смела дзяліцца радасцямі і праблемамі, адчувалася падчас гэтай сустрэчы. Мэтай іх жыцця з’яўляецца імкненне да святасці, да якой заахвочвае сам Хрыстус. Сваю прывязанасць да Касцёла і любоў да Езуса яны імкнуліся ў гэты вечар данесці да кожнага прысутнага.

За гэтае трыванне пры Хрысце, асабліва за кожную адарацыю перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, за малітву ў інтэнцыі сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі ад імя Касцёла ўдзельнікам руху падзякаваў біскуп Юзаф Станеўскі.

Каб любоў указвала іншым шлях да Бога



Іерарх заклікаў удзельнікаў руху праз штодзённае сведчанне указваць іншым шлях да Хрыстовага Касцёла, заахвоціў «ісці туды, дзе чалавек мае патрэбу ў любові». Таксама біскуп пажадаў, каб «любоў указвала іншым шлях да Бога», і на далейшае трыванне ў любові ўдзяліў усім пастырскае благаслаўленне.

На заканчэнне вечара — своеасаблівага сведчання лідскіх католікаў — сястра Кацярына Бучынская, адказная за рух «Gloriosa Trinita» ў Лідзе, выказала вялікае пажаданне, каб Божая іскра, якой з’яўляецца гэты малітоўны рух, «распаліла ў нашым горадзе дабрыню, прабачэнне і любоў».

Даведка: «Gloriosa Trinita» — міжнародная каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць, якая ўзнікла ў 2000 г. у Італіі. Праз чатыры гады намаганнямі кс. Анджэя Свянцінскага рух трапіў у Польшчу. Сёння ён існуе ў Італіі, Польшчы, Іспаніі, Бразіліі і Беларусі. У Беларусі рух «Gloriosa Trinita» ўжо амаль 10 гадоў існуе пры парафіі Святой Сям’і ў Лідзе і аб’ядноўвае некалькі сотняў чалавек.

Рух з’яўляецца прыватным таварыствам вернікаў, скіраваным перш за ўсё на сем’і і асобаў, прысвечаных Найсвяцейшай Тройцы, якая з’яўляецца прыкладам дасканалай сям’і. Сям’я як вобраз Найсвяцейшай Тройцы — прывілеяванае месца, у якім нараджаецца і развіваецца святасць. Члены руху натхняюцца Найсвяцейшай Тройцай, крочачы да збаўлення і прыцягваючы да сябе ўсіх братоў, якія далучацца да гэтай справы.

Мэтай руху з’яўляецца ажыўленне веры ў сем’ях, у сэрцах усіх людзей. Таму яго ўдзельнікі жадаюць увайсці ў праблемы штодзённага жыцця сучаснага чалавека, выходзячы да яго на вуліцы.

Сілы да да штодзённага крочання з Езусам удзельнікі руху чэрпаюць з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Эўхарыстычная адарацыя з’яўляецца асабістай размовай з Богам, падчас якой могуць нарадзіцца важныя жыццёвыя рашэнні. Акрамя ціхай адарацыі, яны моляцца таксама падчас супольных адарацый з малітвай праслаўлення і спевамі.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.