Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень малітвы і памяці ахвяр аварыі на ЧАЭС прайшоў сярод валанцёраў «Caritas» у Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.04.2016 11:32

26 красавіка сярод валанцёраў гродзенскага дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» праводзіўся Дзень малітвы і памяці ахвяр аварыі на Чарнобыльскай АЭС у яе 30-ю гадавіну.

Валанцёры сабраліся, каб разам памаліцца за ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў радыяцыйнай аварыі, якая стала самай буйной у гісторыі атамнай энергетыкі, а таксама больш даведацца пра саму аварыю на ЧАЭС і яе наступствы.



Сустрэча пачалася праглядам дакументальнага фільма аб тым, што адбывалася на Чарнобыльскай АЭС у дзень трагедыі. Фільм аказаў на валанцёраў вялікае ўражанне і выклікаў мноства эмоцый.

Пасля прагляду фільма праводзіўся круглы стол, у ходзе якога гаварылі пра наступствы аварыі, меры ліквідацыі гэтых наступстваў, а таксама аб паляпшэнні стану навакольнага асяроддзя ў сучасным свеце.

Затым удзельнікі Дня памяці скіраваліся на святую Імшу ў гродзенскі катэдральны касцёл, каб разам памаліцца ў інтэнцыі ліквідатараў наступстваў і ахвяр аварыі на ЧАЭС.



Потым за гарбатай валанцёры дзяліліся ўражаннямі аб прагледжаным фільме і дакладзе, прысвечаным наступствам аварыі.

Правядзенне падобнага роду Дзён памяці вельмі актуальна, таму што надзвычай важна памятаць і аналізаваць гістарычныя падзеі, такія, як аварыі на Чарнобыльскай АЭС, каб не паўтараць памылак мінулага і прадухіліць у далейшым глабальныя экалагічныя катастрофы.

Марыя Янкевіч, (AG)
Фота Алега Гарбачова


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.