Шчучынскія адзінаццацікласнікі здзейснілі пілігрымку ў Будслаў |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
27.04.2016 12:09 |
У мінулы ўікэнд з нагоды завяршэння навучальнага года сёлетнія выпускнікі са Шчучына, якія наведваюць катэхетычныя заняткі ў парафіі Св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай), скіраваліся ў санктуарый Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будслаў. Вясновая пілігрымка выпускнікоў у Будслаў стала ўжо традыцыйнай для парафіі. Сёлетняе падарожжа выпускнікоў адбылося ўжо ў пяты раз. Мэта гэтага выезду — малітва, падчас якой удзельнікі пад апекай Маці Божай Будслаўскай просяць аб добрым выбары жыццёвай дарогі, а таксама аб дапамозе ў здачы экзаменаў і тэстаў. Падчас паездкі ў Будслаў моладзь таксама мела магчымасць наведаць і пабачыць мноства цікавых гістарычных месцаў краіны. У першы дзень падарожжа ўдзельнікі пілігрымкі пабачылі касцёл свв. Пятра і Паўла, а таксама мячэць у Іўі, наведалі Хатынь і аднавілі веды па яе гісторыі, патрапілі на найбольшае ў Беларусі вадасховішча ў Вілейцы, а таксама наведалі вілейскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Пасля дасягнення мэты падарожжа і на заканчэнне дня ўсе разам сабраліся на ружанцовай малітве ў санктуарыі ў Будславе.
У другі дзень пілігрымы наведалі мноства новых цікавых месцаў. Пасля супольнай Эўхарыстыі ў будслаўскай святыні модадзь скіравалася ў Мядзел, дзе знаходзіцца адноўленая мядзельская святыня, убачыла найбольшае ў Беларусі возера Нарач і наведала марыйны санктуарый у Гудагаі, пабачыла Баруны, а таксама пабывала на руінах замкаў у Крэве і Гальшанах. |
Фотарэпартаж |