Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Смаргоні прайшоў апошні тур спаборніцтваў «Бітва мікрараёнаў-2016»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.04.2016 16:56

23 красавіка ў смаргонскім араторыі адбыўся апошні, чацвёрты тур «Бітвы мікрараёнаў-2016».

Пра гэта паведамляецца на sdb.by.

Фінальны тур Бітвы быў творчым. Да фіналу каманды прынялі ўдзел у трох турах — прадстаўленне, інтэлектуальны і спартыўны. Відавочнага лідара перад чацвёртым турам не было: «SWEG» – 289 балаў, «Аліўе» – 288 балаў, «СНГ» – 277 балаў.

Падчас святой Імшы, якой традыцыйна пачынаўся кожны з тураў Бітвы, дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні ксёндз Алег Жураўскі SDB надаў агульны настрой для ўдзельнікаў фінальнага тура: «Любіце адзін аднаго, як наказаў нам рабіць гэта Езус Хрыстус. Узаемная любоў яднае ўсіх, асабліва хрысціян. Мы прымаем удзел у Бітве мікрараёнаў не дзеля таго, каб стаць пераможцамі, але дзеля таго, каб у любові адзін да аднаго падзяліцца тым, што маем. Наш моладзевы праект “Бітва мікрараёнаў” — гэта любоў Хрыста ў дзеянні, доказ таго, што хрысціянства — гэта стыль жыцця, а не толькі малітва».

Чацвёрты тур стаў сапраўднай кульмінацыяй Бітвы. Каманды ўразілі сваёй крэатыўнасцю, моладзевым запалам і энергіяй. Неабходна было паказаць свае таленты ў трох конкурсах: рэлігійнай песні, танцы і папуры.

Тое, што ўбачылі гледачы (іх сабралася больш за 200 чалавек) і журы, было проста неверагодным.

Пакуль падводзіліся агульныя вынікі Бітвы, слова трымала журы. Усе яго члены выказвалі адну і тую ж думку: «Смаргонская моладзь паказала сябе не проста таленавітай, а суперталенавітай. Як радасна бачыць гэты творчы запал у маладых вачах. “Бітва мікрараёнаў-2016” сапраўды адбылася».

Галоўная мэта Бітвы дасягнута. Да ўдзелу была прыцягнута вялікая колькасць моладзі, якая дагэтуль увогуле не ўяўляла сабе такі варыянт адпачынку і сумеснага правядзення вольнага часу. Асабліва ў гэтым атрымала поспех каманда «СНГ», бо менавіта гэтая каманда ўключала найбольшую колькасць дадатковых удзельнікаў: ваенаслужачы тэрміновай службы, школьнікі СШ № 1.

Па выніках чатырох тураў перамагла каманда «SWEG», якая набрала 426 балаў (137 у творчым туры), другое месца – «Аліўе» з 420 баламі (132) і трэцяе месца ў каманды «СНГ», якая атрымала 405 балаў (128).

Усе ўдзельнікі і гледачы атрымалі маленькія сувеніры ад арганізатараў — памятныя кішэнныя каляндарыкі «Бітва мікрараёнаў-2016» з раскладам працы араторыя, а каманды – дыпломы і сертыфікаты на вячэру ў кафэ, каб у атмасферы супакою сабрацца камандай, абмеркаваць тое, што прайшло, і падзякаваць адзін аднаму за ўсё, што адбылося за гэтыя чатыры месяцы.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.