Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.04.2016 11:27

27 красавіка ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымала больш за 130 чалавек.

Канфірмацыя з’яўляецца сакрамэнтам, у якім Святы Дух удзяляецца ахрышчанаму чалавеку як дар, які дазваляе больш дасканала яднацца з Касцёлам, умацоўвае і абавязвае да таго, каб чалавек, які прымае сакрамэнт, словам і ўчынкам быў сведкам Хрыста, пашыраючы веру і баронячы яе.


Трываць у любові Хрыста


У гаміліі кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што чалавек, які ў сакрамэнце канфірмацыі прымае дар Святога Духа, становіцца моцным хрысціянінам, «тым, хто шукае супакою пры любых умовах».

Святар зазначыў, што, прымаючы дар Святога Духа, кожны чалавек атрымлівае таксама канкрэтнае заданне «трываць у Хрыстовай любові і захоўваць Яго навуку».

«Трэба любіць Бога без увагі на тое, радасці ў жыцці чалавека ці смуткі, вядзе дарога ў яго жыцці ўгару ці з горкі. Трэба любіць людзей без уліку таго, любяць яны мяне ці ненавідзяць, шануюць мяне ці раўнадушна праходзяць міма», — сказаў кс. Юрый Марціновіч.

Святар падкрэсліў, што менавіта па любові іншыя людзі распазнаюць вучняў Хрыста. Па стаўленні да іншага чалавека ў сучасных хрысціянах заўважаюць вызнаўцаў Езуса.
«Сапраўднага вучня можна будзе пазнаць па дзейснай любові, а не толькі па тым, што ён быў ахрышчаны. Сапраўднага вучня пазнаём па любові да непрыяцеляў, а не па словах, што “з’яўляюся чалавекам веруючым”. Сапраўднага вучня пазнаём не па складзеных руках у касцёле, але па працягнутай далоні ў бок патрабуючых», — сказаў ксёндз Марціновіч.


Чэрпаць з крыніцы веры


На завяршэнне святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў тых, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, да штодзённага сведчання пра Уваскрасенне Хрыста.

«Вы з’яўляецеся надзеяй Касцёла, з’яўляецеся нашай надзеяй. І гэта ад вас залежыць будучыня Касцёла», — сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што атрыманыя дары Святога Духа зробяць здольнымі да мужнага вызнавання веры і жыцця паводле яе прынцыпаў.

Біскуп Гродзенскі, звяртаючыся да моладзі, прасіў яе добра пражываць сваё жыццё і ніколі не прапускаць Божых дароў. «Мы павінны чэрпаць з крыніц веры, бо толькі тады Пан Бог будзе нам благаслаўляць», — дадаў іерарх.

(JM), (IL)
Фота Баляслава Гавэцкага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.