30 красавіка ў Гродне каля тысячы веласіпедыстаў узялі ўдзел у велапрабегу, адкрыўшы такім чынам новы веласезон. У яго адкрыцці ўдзельнічалі таксама кс. Юрый Ясевіч і кс. Валерый Спірыдон — вікарыі гродзенскай катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя.
Як паведамляе www.t-styl.info, велааматары адзначаюць, што ў гэтым годзе на адкрыццё сезонy прыйшла рэкордная колькасць чалавек. Стартавалі ўдзельнікі прабегу ад Савецкай плошчы. Далей маршрут праходзіў па вул. К. Маркса – пр. Касманаўтаў – Румлёўскі мост – пр. Кляцкова – пр. Я. Купалы – вул. Перамогі – вул. Сав. памежнікаў – вул. Паповіча – вул. Вясновая – вул. Фестывальная – вул. БЛК – вул. Горкага – вул. Савецкая. 
«Мы, як і ўсе людзі, любім катацца на роварах. Мы падтрымліваем здаровы лад жыцця, гэта адпавядае маральнасці. Таксама нам прыемна ўбачыць сваіх парафіян, якіх прыйшло вялікае мноства», — распавёў ксёндз Валерый Спірыдон.
«У людзей прынята разважаць, што ксёндз — гэта той, хто сядзіць за сценамі, схаваўшыся. Мы таксама любім ровары. Я ў першую чаргу выйшаў для сябе, а таксама дзеля здароўя і весялосці. Ровар выкарыстоўваю рэгулярна, за мінулы год наездзіў 700 км», — падзяліўся ксёндз Юрый Ясевіч.

Супрацоўнікі ДАІ на адкрыцці сезону яшчэ раз нагадалі веласіпедыстам правілы руху і асновы бяспекі. Для гэтага пасля прабегу прайшоў конкурс: удзельнікам трэба было паказаць майстэрства кіравання роварам, а таксама адказаць на пытанні. Пераможцаў узнагародзілі прызамі — веласіпеднымі аксесуарамі.

(AG)
Фота www.t-styl.info
|