Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
02.05.2016 12:21 |
30 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку. Падчас урачыстай святой Імшы іерарх здзейсніў асвячэнне адноўленых арганаў і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 56 парафіянам, адпаведна падрыхтаваным да гэтага. Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што сакрамэнт канфірмацыі робіць чалавека адважным вызнаўцам веры, здольным яе бараніць, калі з’явіцца такая неабходнасць. Іерарх нагадаў, што гэта сакрамэнт умацавання веры, пачаткам якой стаў першы з сакрамэнтаў, прынятых хрысціянінам, —хрост. «Чалавек ужо амаль дарослы свядома і адказна жадае стаць напоўненым Святым Духам, каб магчы лепш развіваць сваю веру», — дадаў біскуп. «Стаць напоўненым Святым Духам – гэта глыбейшае закараненне ў веры. Праз прыняцце дароў Духа прагненнем чалавека павінна быць тое, каб вера была яшчэ мацнейшай», — адзначыў гродзенскі ардынарый. Святар адзначыў, што сапраўднага вучня Хрыста можна будзе пазнаць па яго любові і тым, як ён ставіцца да іншых. «Любоў – гэта наша жыццёвая місія. З прычыны нашага хрысціянскага паклікання мы абавязаны да любові», — дадаў кс. Юрый Марціновіч. На заканчэнне святой Імшы вернікі, якія былі ўзбагачаны сямю дарамі Духа Святога ў канфірмацыі, выказалі ўдзячнасць Богу за тое, што ўмацоўвае іх у гэтым сакрамэнце і робіць здольнымі быць сведкамі Уваскрослага. Таксама яны падзякавалі свайму пробашчу кс. Юрыю Жэгарыну, с. Гэлене і сваім бацькам, якія рыхтавалі іх да гэтай урачыстасці і перадалі найкаштоўнейшы скарб, якім з’яўляецца вера. (JM) |
Фотарэпартаж |