Ужо ў 10-ы раз у першую нядзелю мая ў Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў Дзень маці. У гэты дзень ва ўсіх касцёлах і капліцах дыяцэціі моляцца ў інтэнцыі жывых і памерлых маці, дзякуючы ім за іх неацэнны ўклад у грамадства і за выхаванне ў веры будучых пакаленняў.
1 мая галоўныя ўрачыстасці Дня маці адбыліся ў санктуарыi Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. Менавіта ў гэтым месцы ўзносіліся малітвы ў інтэнцыі ўсіх маці Гродзенскай дыяцэзіі праз заступніцтва Маці Божай Яснагорскай. У гэты дзень у санктуарый прыбылі ў пешай пілігрымцы маці з Гродна разам са сваімі дзецьмі і мужамі, каб прасіць у Панны Марыі ласкаў для сваіх сем’яў. 
Кожны, хто быў пілігрымам да гэтага месца, якое адзначана прысутнасцю Хрыста, багатага ў міласэрнасці, і Яго цярпліва слухаючай Маці, прыбыў са свамі інтэнцыямі і просьбамі. Хвароба любімага чалавека, клопат пра будучыню дзяцей і ўнукаў, жалоба па смерці самага блізкага, няпэўнасць у заўтрашнім дні, забеспячэнне сям’і або якое-небудзь іншае засмучэнне, якое абцяжарвае сэрца, — гэта ўсё скіравала крокі вернікаў у гэты санктуарый.
З даверам і глыбокай верай ішлі да Марыі ўсе тыя, хто спадзяваўся на Яе мацярынскую апеку.
Аддаць усё Марыі
Ванда, маці траіх дарослых дзяцей, якая прыйшла ў пешай пілігрымцы з Гродна, наведвае санктуарый у Капцёўцы кожны год і з вялікім узрушэннем у вачах прызнаецца: «Малое дзіця — малыя праблемы. Дарослае дзіця — яшчэ большыя праблемы». Жанчына зазначае, што пілігрымка з’яўляецца для яе — насуперак розным хваробам і праблемам са здароўем — благаслаўленнем, таму што ў гэты дзень, па яе словах, «цярпенне лучыцца з радасцю».
«Забываюся пра ўсе свае праблемы, забываюся пра ўсе заганы здароўя, а іду з інтэнцыяй падзякі — за сваіх дзяцей, а таксама з адной вялікай просьбай — каб мае дзеці ніколі не адышлі ад Бога, бо толькі Бог дае чалавеку шчасце, толькі ў Ім мы можам знайсці супакой сэрца», — кажа Ванда. Жанчына дадае, што прагненнем кожнай хрысціянскай маці павінна быць тое, каб яе дзеці былі як мага бліжэй да Бога.
На ўрачыстасці ў Капцёўку прыбыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Усіх пілігрымаў на Узгорку надзеі традыцыйна вітаў поўны энергіі і энтузіязму кусташ санктуарыя кс. Міхаіл Ластоўскі разам са сваёй парафіяльнай супольнасцю. Усіх, хто ўваходзіў у святыню, святар заахвочваў давярыць Маці Божай свае справы і цяжкасці.
«Марыя — наша найлепшая Маці — усіх вас тут збірае, і Яна прысутная тут, каб усіх вас уважліва выслухаць. Пакажыце Ёй сваю веру, пакажыцё Ёй сваё адкрытае сэрца для Пана Бога і іншага чалавека», — гэтымі словамі, вітаючы пілігрымаў, заахвочваў іх да малітвы кс. Ластоўскі.
Наследаваць дабрыню Бога
Канферэнцыю на тэму «Дамо свету міласэрнасць праз нашыя ўчынкі, словы і малітву» прамовіў для прысутных кс. Юрый Марціновіч.
Святар зазначыў, што ў гэты дзень усе пілігрымы прыбываюць у «школу Езуса, якая з’яўляецца школай міласэрнасці», не толькі для таго, каб прасіць аб Божай міласэрнасці, але таксама каб вучыцца даваць міласэрнасць іншым, наследуючы дабрыню Бога. 
«Хрыстус Пан запрашае нас не толькі працягваць далонь на Божую міласэрнасць, але таксама даваць любоў іншаму чалавеку», — зазначыў ксёндз Марціновіч.
Святар прадставіў тры спосабы здзяйснення міласэрнасці ў адносінах да бліжняга: праз учынкі, праз слова, праз малітву.
«Пачатковым спосабам адорвання міласэрнасцю іншага чалавека з’яўляецца ўчынак. Праз кожны ўчынак, калі бескарысліва пахіляемся над клопатамі і смуткамі іншых, мы адорваем іх міласэрнасцю», — сказаў кс. Юрый Марціновіч.
У канферэнцыі было зазначана, што словы суцяшэння, скіраваныя да іншых людзей, таксама могуць быць учынкам міласэрнасці, таму што маюць вялікую моц: будаваць або нішчыць, уводзіць спакой і згоду або нянавісць і гнеў; несці благаслаўленне або праклён. 
Малітва, як было сказана, таксама можа быць учынкам міласэрнасці, калі ні ўчынкі, ні слова не прыносяць ніякіх вынікаў.
Пасля канферэнцыі прысутныя ў санктуарыі маці прынялі ўдзел у Крыжовым шляху. Падчас набажэнства вернікі маліліся за сем’і, перад якімі сёння, як заўсёды, стаяць вельмі важныя выклікі — перадаць жыццё, хрысціянскія каштоўнасці і выхаваць сумленнага чалавека.
Будаваць на Хрысце
Урачыстую Імшу ў інтэнцыі ўсіх жывых і памерлых маці дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, які заахвоціў да малітвы за маці.
«Гэта ўласна ад вас, дарагія маці, у большай ступені залежыць будучыня вашых сем’яў, вы з’яўляецеся тымі апосталкамі ў сваіх дамах. Будуйце свае сем’і на Богу, даючы Бога сваім дзецям», — звяртаўся да маці біскуп. 
Іерарх зазначыў, што небяспека можа напаткаць сям’ю ў грамадстве з любога боку, таму ёй так патрэбна малітоўная падтрымка. «Маім прагненнем з’яўляецца тое, каб у кожнай сям’і нашай дыяцэзіі і нашай краіны панаваў супакой і згода і каб штодзённыя адносіны ў нашых дамах будаваліся на запаведзях любові», — дадаў гродзенскі ардынарый.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім маці за працу выхавання сваіх дзяцей і за штодзённы клопат і старанні аб доме, жадаючы, каб Божае благаслаўленне было госцем у кожным чалавечым сэрцы, бо «без маці і жанчын свет быў бы ўбогі і бедны».
На заканчэнне Эўхарыстыі кс. Міхаіл Ластоўскі, кусташ санктуарыя, ад імя ўсіх прысутных павіншаваў біскупа Аляксандра Кашкевіча з днём яго нябеснага заступніка, а таксама з надыходзячай гадавінай 40-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння і 25-годдзя біскупскай сакры.
Урачыстасцям у Капцёўцы спрыяла сапраўды вясновае надвор’е. На заканчэнне з Узгорка надзеі была ўзнесена малітва праз заступніцтва Маці Божай Яснагорскай за ўсіх маці і жанчын дыяцэзіі. 
Умацаваныя ў веры, адноўленыя ў любові і ўпэўненыя надзеяй, жанчыны вярталіся да сваіх штодзённых заняткаў, каб далей несці свае штодзённыя крыжы і цярпліва зносіць усе цяжкасці.
Яны вярталіся поўныя даверу, што ва ўсім гэтым будуць не адны, бо заўсёды ў хвіліну небяспекі іх абароніць Марыя, якая ўсё разумее і сваім матчыным сэрцам ахінае кожнага чалавека, і заахвочаныя ў Юбілейны Год Міласэрнасці несці любоў бліжняму, быць міласэрнымі да патрабуючых, дараваць крыўды і глядзець зычліва на іншага чалавека.
Ганна Глябовіч, (IL) Фона Яўгена Абрамава і Станіславы Пырскай
|