Дыяцэзіяльная сустрэча работнікаў службы аховы здароўя адбылася ў Гродне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
03.05.2016 11:32 |
30 красавіка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася дыяцэзіяльная сустрэча супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў, арганізатарам якой выступіла Душпастырства службы аховы здароўя Гродзенскай дыяцэзіі на чале з кс. Віталіем Сідоркам. У сустрэчы прынялі ўдзел работнікi бальніц, паліклінік, дамоў сацыяльнай апекі, студэнты, медыкі-пенсіянеры, а таксама святары з розных мясцін дыяцэзіі. Сустрэча была прымеркавана да Юбілейнага Году Міласэрнасці. Дэвізам яе сталі словы евангеліста Лукі: «Будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны».
На пачатку сустрэчы ўдзельнікаў канферэнцыі прывітаў кс. Віталій Сідорка, які ва ўступным слове нагадаў радкі з Хартыі работнікаў службы аховы здароўя, дзе падкрэсліваецца, што прафесія медыкаў патрабуе, каб яны былі захавальнікамі і слугамі чалавечага жыцця: «Не дастаткова навуковага і прафесійнага вопыту. Неабходны асабісты ўдзел у канкрэтнай сітуацыі кожнага асобнага пацыента, праява чалавечнасціі міласэрнасці, якія ў дзейнасці медыка павінны рэалізоўвацца кожны дзень». Аб тэарэтычных і практычных аспектах міласэрнасці распавёў кс. Аляксандр Махнач SP, вікарый парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе. Дакладчык адзначыў, што міласэрнасць – гэта не толькі спачуванне, але і вера, вернасць, адданасць, гэта дасканаласць дабра. Аказваючы міласэрнасць, медык, па словах святара, становіцца інструментам Хрыста, супрацоўнікам Бога ў служэнні бліжняму.
Першая частка канферэнцыі завяршылася святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх заклікаў медыкаў заўсёды кіравацца ў сваёй працы прыкладам Езуса Хрыста, найлепшага лекара і настаўніка, вучыцца ў Яго далікатнасці, любові, разуменню, гатоўнасці служыць.
Караліна Бутоліна |
Фотарэпартаж |